Беларуская Служба

Прынамсі 8 чалавек былі забітыя і 31 паранены ў выніку ракетных абстрэлаў у Кабуле

21.11.2020 12:09
Пакуль ні адна з арганізацый не ўзяла на сябе адказнасць за напад.
Параненыя ў выніку замахуфота: PAP/EPA/JAWAD JALALI

Прынамсі 8 чалавек былі забітыя і 31 паранены ў выніку ракетных абстрэлаў у сталіцы Афганістану – Кабуле. Ракеты тэрарыстаў упалі на так званы ўрадавы раён, у якім, акрамя офісаў, знаходзяцца пасольствы заходніх краін. Інфармацыю пра напад пацвердзіў прадстаўнік афганскай паліцыі. Ракеты былі выпушчаныя з мабільных ракетных установак, размешчаных за межамі Кабула. Паводле інфармацыі афганскіх уладаў, усе забітыя былі мірнымі жыхарамі. Колькасць ахвяраў можа павялічыцца, паколькі целы людзей могуць быць пад руінамі разбураных будынкаў.

Пакуль ні адна з арганізацый не ўзяла на сябе адказнасць за напад. Напады асудзіў галоўны ўпаўнаважаны па перамовах афганскага ўраду, старшыня Вышэйшай нацыянальнай рады прымірэння, які ў сваім твітэры заявіў, што «баязліўцы, якія стаяць за атакамі, павінны неадкладна спыніць нападзенні і тэрарызм мірных жыхароў».

Раней у суботу міністр унутраных спраў Афганістана паведаміў, што раніцай адбыліся два невялікія выбухі. Узарваліся паліцэйскія машыны, пад якія была падкладзена выбухоўка. Адзін паліцэйскі загінуў, яшчэ трое атрымалі раненні.

У каментары AFP адзначаецца, што напады ў Кабуле адбыліся непасрэдна перад сустрэчай кіраўніка амерыканскай дыпламатыі Майка Пампеа з прадстаўнікамі талібаў і афганскага ўраду ў Досе. Дзяржсакратар прыехаў у Катар, каб сустрэцца з кожнай з гэтых дэлегацый асобна, піша AFP.

PAP/нг