Беларуская Служба

У Шатландыі зрабілі бясплатнымі гігіенічныя тавары для жанчын

25.11.2020 10:04
Шатландскім падаткаплацельшчыкам новаўвядзенні абыдуцца ў 24 млн фунтаў (32 млн долараў).
Flagi Wielkiej Brytanii, Szkocji i Unii Europejskiej
Flagi Wielkiej Brytanii, Szkocji i Unii EuropejskiejPAP/EPA/ROBERT PERRY

Шатландыя стала першай краінай у свеце, якая забяспечыла жанчынам бясплатны доступ да гігіенічных прадуктаў на час менструацыі. Адпаведны закон быў аднагалосна ўхвалены ў парламенце ў Эдынбургу ў аўторак, 24 лістапада. Мера была прынята ў мэтах барацьбы з беднасцю. «Мы ўсе згодныя з тым, што ніхто не павінен турбавацца аб тым, дзе дастаць тампоны ў наступны раз», – сказала дэпутат Моніка Ленан.

Цяпер заканадаўцы павінны будуць распрацаваць агульнанацыянальную сістэму, якая гарантуе жанчынам доступ да гігіенічных прадуктаў. У адпаведнасці з законам, тампоны і пракладкі можна будзе атрымаць бясплатна ў спецыялізаваных грамадскіх месцах, такіх як культурна-спартыўныя цэнтры, моладзевыя клубы і аптэкі. Акрамя таго, прыбіральні школ і ўніверсітэтаў, дзе менструальные прадукты былі даступныя і раней, забяспечаць дадатковымі сродкамі гігіены. Шатландскім падаткаплацельшчыкам новаўвядзенні абыдуцца ў 24 млн фунтаў (32 млн долараў).

Прэм'ер-міністр Шатландыі Нікола Стэрджэн назвала закон «важнай палітычнай мерай для жанчын і дзяўчат». «Я ганаруся тым, што магу прагаласаваць за гэты наватарскі закон і зрабіць Шатландыю першай краінай у свеце, якая забяспечыла бясплатны доступ да менструальных прадуктаў для ўсіх, хто ў іх мае патрэбу», – напісала кіраўніца шатландскага ўрада ў сваім Twitter.

dw/эж