Беларуская Служба

Еўрапарламент павінен прыняць рэзалюцыю па Беларусі

26.11.2020 11:02
Супольны праект рэзалюцыі падпісалі прадстаўнікі амаль усіх палітычных групаў Еўрапарламента.
     .
Еўрапарламент павінен прыняць рэзалюцыю па Беларусі.PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

Еўрапейскі парламент на сваім паседжанні 26 лістапада плануе прыняць рэзалюцыю ў сувязі з няспыннымі парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі і, у прыватнасці, з забойствам Рамана Бандарэнкі, паведамляе „Свабода”.

Супольны праект рэзалюцыі падпісалі прадстаўнікі ўсіх палітычных групаў Еўрапарламента, апрача праварадыкальнай групы „Ідэнтычнасць і дэмакратыя” і леварадыкальнай групы „Аб’яднаныя еўрапейскія левыя / Зялёныя левыя Поўначы”.

У прапанаваным праекце рэзалюцыі, сярод іншага, сказана, што Еўрапарламент самым рашучым чынам асуджае забойства Рамана Бандарэнкі і выказвае спачуванне яго сям’і і сем’ям усіх, хто страціў сваіх блізкіх у выніку рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі.
    
ЕП патрабуе неадкладнага, стараннага, бесстаронняга і незалежнага расследавання смерці Рамана Бандарэнкі і звязаных з пратэстамі смерцяў астатніх пратэстоўцаў.  

Еўрапейскі парламент таксама не прызнае вынікаў так званых прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і выказвае сваю адназначную падтрымку народу Беларусі ў яго законных патрабаваннях неадкладнага спынення аўтарытарных рэпрэсіяў, павагі да фундаментальных свабодаў і правоў чалавека, правядзення новых, свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама заклікае ЕС падтрымаць міжнароднае расследаванне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць народу Беларусі.
    
Апрача таго еўрадэпутаты падкрэсліваюць, што захады, ужытыя Еўрасаюзам і яго краінамі-членамі супраць рэжыму Лукашэнкі, дагэтуль былі недастатковыя, і вітаюць рашэнне Еўрапейскага савета аб працы над трэцім пакетам санкцый, скіраваных супраць фірмаў і алігархаў, звязаных з рэжымам Лукашэнкі.

аз