Беларуская Служба

ЕС можа ўвесці абмежаванні ў перамяшчэнні беларускіх тавараў, калі ўлады не спыняць рэпрэсій

26.03.2021 09:46
Падчас відэасаміту прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі распавёў пра пераслед палякаў, якія пражываюць у Беларусі.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneBotond Horvath / Shutterstock.com

Еўрапейскія лідары падтрымалі забарону на экспарт вакцыны, вырабленай у дзяржавах-членах ЕС. Яны падкрэслілі, што неабходна паскорыць вытворчасць прэпаратаў і іх пастаўкі ў краіны ЕС. Ужо вядома, што AstraZeneca не зможа экспартаваць свае прэпараты, пакуль не выканае абавязацельстваў па своечасовай пастаўцы ў супольнасць. Гэта была адна з галоўных тэм відэасаміту ЕС.

Паводле звестак брусельскага карэспандэнта Польскага радыё Бэаты Пламецкай, падчас сустрэчы прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі распавёў пра пераслед палякаў, якія пражываюць у Беларусі.
«Польскі прэмʼер-міністр заявіў, што нявінныя людзі становяцца ахвярамі жорсткіх рэпрэсіяў з боку ўладаў Беларусі. Кіраўнік ураду падкрэсліў, што ў сувязі з нядаўнімі падзеямі і арыштамі актывістаў Саюза палякаў у Беларусі адказ ЕС павінен быць рашучым. Адзін з дыпламатаў ЕС у інтэрвʼю Пламэцкай прызнаў, што магчымыя жорсткія санкцыі з боку Еўропы ў дачыненні да Беларусі. Еўрапейскі Саюз можа прыняць рашэнне аб увядзенні абмежаванняў на перамяшчэнне тавараў і экспарт беларускай прадукцыі», – перадае Бэата Пламецка словы дыпламата ЕС.

Учарашні відэасаміт завяршыўся больш чым гадзіннай размовай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам. Гэта была першая сумесная дыскусія паміж кіраўнікамі дзяржаў-членаў ЕС і амерыканскім лідарам з 2009 года. Тады ў саміце ўдзельнічаў тагачасны прэзідэнт Барак Абама.

Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што ЕС і ЗША павінны сумесна абараняць глабальную бяспеку, дэмакратыю і стабільнасць. «Мы бачым, што дэмакратыя і вяршэнства закона сёння ставяцца пад сумнеў, і як ніколі раней ЗША і Еўрапейскі Саюз нясуць адказнасць за будучыя пакаленні», – адзначыў Мішэль.

IAR/нг