Беларуская Служба

З. Чапутава: Папа Францішак прыедзе ў Славакію

11.04.2021 16:22
Гэта будзе першы візіт папы за васямнаццаць гадоў.
Ватыкан PAP/EPA/VATICAN MEDIA HANDOUT

Прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава ў эфіры прыватнага тэлебачання JOJ заявіла, што Папа Францішак, хутчэй за ўсё, прыедзе ў Браціславу ў верасні. Гэта будзе першы візіт папы за васямнаццаць гадоў. Чапутава запрасіла Францішка ў снежні 2020 года.

«Паломніцтва пачынае набываць рэальныя абрысы», – сказала прэзідэнт у эфіры тэлеканала JOJ. «Я вельмі рада, што ён прыняў запрашэнне і прыедзе ў Славакію ў верасні», – сказала яна. Яна таксама дадала, што на дадзеным этапе яна пакуль не можа ўказаць дакладную дату папскага паломніцтва.

Папа Францішак плануе прыняць удзел у Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе ў Будапэшце 12 верасня гэтага года. Прыблізна ў гэты час можна чакаць яго візіту ў Славакію.

Біскупы Славакіі пакуль не каментуюць магчымага прыезду Францішка. У краіне з-за абмежаванняў, звязаных з эпідэміяй, у храмах не праводзяцца імшы для вернікаў. Магчымыя толькі онлайн службы і індывідуальныя малітвы ў храмах.

ав