Беларуская Служба

«Блізкаўсходні квартэт» занепакоены сутыкненнямі ў Іерусаліме

09.05.2021 09:51
Цягам двух апошніх дзён у выніку сутыкненняў у Іерусаліме было паранена больш за 250 чалавек.
C       .
Cутыкненні паміж палестынцамі і ізраільскай паліцыяй у Іерусаліме.PAP/EPA/ATEF SAFADI

Члены «Блізкаўсходняга квартэта» (Квартэт па блізкаўсходнім урэгуляванні) - ЗША, Расія, Еўрапейскі саюз і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый - выказалі занепакоенасць апошнімі жорсткімі сутыкненнямі паміж палестынцамі і ізраільскай паліцыяй у Іерусаліме. Цягам двух апошніх дзён у выніку сутыкненняў там было паранена больш за 250 чалавек.

У апублікаванай заяве адзначаецца, што Квартэт глыбока занепакоены бягучымі сутычкамі і хваляваннямі ва ўсходнім Іерусаліме, асабліва сутыкненнямі паміж палестынцамі і ізраільскімі сіламі бяспекі каля мячэці Аль-Акса.

«Прадстаўнікі Квартэта з глыбокай занепакоенасцю адзначаюць магчымае перасяленне палестынскіх сем'яў з дамоў, дзе яны жывуць пакаленнямі. Мы заклікаем улады Ізраіля ўстрымацца ад крокаў, якія могуць пагоршыць агульную сітуацыю», -  гаворыцца ў заяве.

У апошні час напружанасць у Іерусаліме і на акупаваных тэрыторыях узрасла, у прыватнасці, у выніку запланаванага ізраільскімі ўладамі наступнага перасялення палестынскіх жыхароў Іерусаліма. Палестынцы таксама пратэстуюць супраць абмежавання доступу да Старога горада падчас Рамадана.

«Блізкаўсходні квартэт» - гэта група, створаная ў Мадрыдзе ў 2002 годзе. Ейныя члены працуюць на міжнародным узроўні з мэтай мірнага ўрэгулявання канфлікту на Блізкім Усходзе.

аз