Беларуская Служба

Роўна 40 гадоў таму быў здзейснены замах на Папу Рымскага Яна Паўла II

13.05.2021 15:06
Следчы камітэт італьянскага парламента прыйшоў да высновы, што загад аб забойстве Яна Паўла II быў аддадзены асабіста Леанідам Брэжневым.
Zamach na Jana Pawła II
Zamach na Jana Pawła IIPAP Archiwum/EPA/ANSA FILES

Роўна 40 гадоў таму быў здзейснены замах на Папу Рымскага Яна Паўла II. 13 мая 1981 года ў ходзе агульнай аўдыенцыі паломнікаў на плошчы Святога Пятра ў Рыме турэцкі найміт Мехмет Алі Агджа некалькі разоў стрэліў у пантыфіка. Пасля гэтага ён адразу ж быў схоплены. У сваім першым публічным выступе пасля выпіскі з лякарні Ян Павел II заявіў, што даруе нападніку.

У сувязі з гадавінай кракаўскі арцыбіскуп у адстаўцы і былы сакратар Яна Паўла ІІ кардынал Станіслаў Дзівіш адслужыў імшу ля магілы пантыфіка ў базіліцы Святога Пятра.

За замах на пантыфіка Мехмет Алі Агджа быў прыгавораны італьянскім судом да пажыццёвага зняволення. Праз 19 гадоў ён быў памілаваны, але яго адправілі ў турэцкую турму за іншыя злачынствы. Мехмет Алі Агджа выйшаў на свабоду ў студзені 2010 года. Матывы тэрарыста да гэтага часу невядомыя, паколькі ў ходзе следства ён даваў супярэчлівыя паказанні.

У 2006 годзе следчы камітэт італьянскага парламента прыйшоў да высновы, што загад аб забойстве Яна Паўла II быў аддадзены асабіста першым сакратаром ЦК Камуністычнай партыі Савецкага Саюза Леанідам Брэжневым і ўхвалены Палітбюро. Расследаванне Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы таксама пацвердзіла дачыненне да замаху балгарскіх спецслужбаў, нямецкай «Штазі» і КДБ.

вс