Беларуская Служба

Літва паведаміла, што ў Мінску тысяча нелегалаў чакае, каб дабрацца ў ЕС

15.06.2021 19:05
Вільня не выключае, што гэта наўмысная палітыка Аляксандра Лукашэнкі.
Polsko-litewskie przejście graniczne w Budzisku
Polsko-litewskie przejście graniczne w BudziskuPAP/Michał Zieliński

Улады Літвы паведамілі, што ў Мінску знаходзіцца больш за адну тысячу нелегальных мігрантаў. Іх мэта – дабрацца на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза.

Пра тое, што літоўскі бок валодае гэтай інфармацыяй сказаў кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Рустамас Любаевас.

«Паводле нашай інфармацыі, у Мінску сабралася вялікая група нелегальных мігрантаў, да якой пастаянна далучаюцца новыя людзі. Яны прыязджаюць з Багдада і Стамбула. Гэтая група нелегальных мігрантаў можа рушыць да мяжы ў любы час. Апошні тыдзень нелегальныя мігранты парушалі мяжу круглыя суткі» – сказаў Любаевас.

Вільня не выключае, што гэта наўмысная палітыка Аляксандра Лукашэнкі. Міністр замежных спраў Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што гэта форма гібрыднай вайны супраць Літвы.

«Беларускі рэжым становіцца ўсё больш і больш непрадказальным і стварае пагрозу не толькі для сваіх непасрэдных суседзяў, але і для ўсяго Еўрапейскага Саюза», – прыводзяцца ў заяве Міністэрства замежных спраў Літвы словы Ландсбергіса.

Тым часам дзейнасць літоўскай памежнай службы ўзгадняецца з Польшчай і Латвіяй. Вынікам гэтага супрацоўніцтва стала затрыманне ў Польшчы мігрантаў, якія незаконна пакінулі Літоўскі цэнтр рэгістрацыі замежнікаў. Гэтых людзей вярнулі ў Літву.

Нелегальная міграцыя ў Літву з Беларусі расце ўжо некалькі тыдняў. Улады Літвы паведамляюць, што з пачатку года праз «зялёную мяжу» прайшло амаль 400 чалавек, што ў некалькі разоў больш, чым за ўвесь 2020 год. Большасць нелегальных мігрантаў гэта іракцы.

яс