Беларуская Служба

У Мексіцы забілі чарговага журналіста

23.07.2021 17:21
Краіна лічыцца адной з самых небяспечных для журналістаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарEPA/Joebeth Terriquez Dostawca: PAP/EPA

На поўначы Мексікі ў чацвер быў забіты 47-гадовы журналіст Рыкарда Лопес, паведамілі мясцовыя ўлады.
Некалькі гадоў ён кіраваў сайтам InfoGuaymas, а раней працаваў на канале Televisa у Саноры ды шэрагу мясцовых газет.

Лопес быў забіты ў штаце Санора, адным з самых небяспечных для журналістаў у гэтай краіне. У сакавіку мінулага года ён паведаміў, што яму пагражалі з-за яго працы.

Забойства Лопеса адбылося менш чым праз шэсць тыдняў пасля забойства іншага журналіста - Густава Санчэса, які быў расстраляны ў сярэдзіне чэрвеня ў штаце Ахака (на поўдні). У траўні ў штаце Санора быў забіты журналіст Бенджамін Маралес.

Мексіка лічыцца адной з самых небяспечных краін для журналістаў. З 2000 года там было забіта каля 100 прадстаўнікоў гэтай прафесіі, у тым ліку восем у 2020 годзе.

Паводле дадзеных арганізацый, якія займаюцца пытаннямі свабоды прэсы ў Мексіцы, больш за 90% злачынстваў супраць журналістаў застаюцца беспакаранымі.

PAP