Беларуская Служба

Лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі міру сталі журналісты з Філіпін і Расіі

08.10.2021 12:16
Адным з фаварытаў на атрыманне прэміі была лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская.
Узнагароджаныя журналістыфота: PAP/EPA/JEROME FAVRE/SERGEI CHIRIKOV

Нобэлеўскі камітэт абвясціў лаўрэатаў прэміі міру. Імі сталі філіпіна-амерыканская журналістка Марыя Рэса і расійскі журналіст, адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар незалежнай «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў. У верасні 2020 году Дзмітрый Муратаў падпісаў ліст у падтрымку беларускіх пратэстоўцаў.

Нобэлеўскі камітэт прыняў рашэнне аб прысуджэнні прэміі міру з фармулёўкай «за высілкі па абароне свабоды выказвання меркаванняў, якая з’яўляецца ўмовай дэмакратыі і трывалага міру».

Адным з фаварытаў на атрыманне прэміі была лідарка беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская. Яна заявіла: «Мы вельмі цешымся, што перамаглі журналісты, таму што пытанне свабоды слова востра стаіць і ў нашых рэаліях. І на месцы Муратава, Рэсы можа быць і Наталля Лубнеўская, і Кацярына Андрэева, і Андрэй Скурко, і кожны з вас. Таму што ў такіх цяжкіх умовах вы працягваеце сваю працу».

ПР/нг