Беларуская Служба

ААН і Ліга арабскіх краін занепакоеныя сітуацыяй у Судане

25.10.2021 12:28
Суданскія вайскоўцы арыштавалі большасць членаў часовага ўрада краіны.
      .
Члены суданскага ўрада застаюцца пад хатнім арыштам.PAP/EPA/MORWAN ALI

Арганізацыя Аб'яднаных Нацый выказала занепакоенасць паведамленнямі аб дзяржаўным перавароце ў Судане. Прадстаўнік ААН у згаданай краіне лічыць непрымальным арышт прэмʼера, урадавых чыноўнікаў і палітыкаў суданскімі вайскоўцамі. Заклапочанасць сітуацыяй у Судане выказала таксама Ліга арабскіх краін.

Вайскоўцы арыштавалі большасць членаў часовага ўрада Судана. Сярод затрыманых – прэмʼер-міністр Абдала Хамдук. Таксама былі арыштаваныя лідары партый, якія падтрымліваюць урад. Сталічны аэрапорт быў закрыты; міжнародныя рэйсы былі прыпыненыя.

Напружанасць у Судане працягвалася з 21 верасня, калі дайшло да няўдалага дзяржаўнага перавароту. На мінулым тыдні дзясяткі тысяч жыхароў краіны выйшлі на вуліцы з патрабаваннем поўнай перадачы ўлады грамадзянскім членам кабінета міністраў. У дэманстрацыі прынялі ўдзел некаторыя міністры. У сваю чаргу перад прэзідэнцкім палацам прайшлі дэманстрацыі прыхільнікаў вяртання да ваеннай улады ў краіне.

IAR/аз