Беларуская Служба

Генеральны сакратар НАТА паабяцаў, што дзеянні супраць Украіны дорага абыдуцца РФ

27.11.2021 11:11
НАТА праводзіць уважлівы маніторынг сітуацыі вакол Украіны і дзеліцца дадзенымі з саюзнікамі.
Jens Stoltenberg
Jens Stoltenbergnato.int

Засяроджванне вялікай колькасці расійскіх войскаў ля межаў Украіны працягвае выклікаць на Захадзе асцярогі. Генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг у пятніцу, 26 лістапада, на прэс-канферэнцыі ў Бруселі напярэдадні сустрэчы краін-удзельніц блока, якая адбудзецца ў Рызе на наступным тыдні, выступіў з перасцярогай у адрас Масквы.

Звяртаючыся да ўладаў РФ, кіраўнік Паўночнаатлантычнага альянсу зноў паставіў ім у віну тое, што яны сцягваюць у рэгіён ля межаў Украіны войскі, бронетранспарцёры і іншую цяжкую тэхніку. Да гэтага, па яго словах, дадалася агрэсіўная рыторыка з боку Расіі. «Мы, вядома, занепакоеныя тым, што мы бачым у Украіне і вакол яе», – паказаў генеральны сакратар альянсу.

Паводле яго, НАТА праводзіць уважлівы маніторынг сітуацыі вакол Украіны і дзеліцца дадзенымі з саюзнікамі. Цяпер няма ўпэўненасці ў тым, якімі могуць быць наступныя дзеянні Расіі. Але той факт, што канцэнтрацыя войскаў працягваецца і Расія ўжо выкарыстала свае войскі супраць Украіны, дае падставу для трывогі, адзначыў Столтэнберг. Расія працягвае незаконную анексію Крыма, дэстабілізуе сітуацыю на ўсходзе Украіны і па-ранейшаму ажыццяўляе кібератакі супраць гэтай краіны.

Урад у Маскве павінен перадухіліць далейшую «эскалацыю». У адваротным выпадку яму давядзецца «заплаціць высокую цану», падкрэсліў генеральны сакратар блока НАТА Енс Столтэнберг.

паводле dw.com/эж