Беларуская Служба

Тэгеран адкідае амаль усе кампрамісы па ядзернай дамове

04.12.2021 10:04
Прадстаўнікі Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі выказалі «расчараванне і занепакоенасць» пазіцыяй Ірана. Расія заявіла, што няма падстаў для драматызацыі.
Ілюстрацыйны здымакEPA/CHRISTIAN BRUNA Dostawca: PAP/EPA.

У пятніцу быў перапынены7-ы раўнд перамоў аб аднаўленні ядзернага пагаднення 2015 года, які праходзіў у Вене. Нагадаем, што дадзеная дамова прадугледжвала, што Іран не будзе ўзбагачаць уран да ўзроўню вышэй за 3,67% у абмен на зняцце з краіны міжнародных санкцый.

Галоўны перамоўшчык Ірана па ядзернай дамове Алі Багеры заявіў у чацвер, што зрабіў дзве прапановы іншым бакам перамоў у спробе выратаваць ядзернае пагадненне.

Першая прапанова тычыцца адмены санкцый, а другая ўзнаўлення ядзернай дзейнасці Ірана. «Цяпер іншы бок павінен прааналізаваць гэтыя дакументы і падрыхтавацца да перамоў з Іранам на падставе прадстаўленых тэкстаў», – сказаў Багеры.

Прадстаўнікі Францыі, Германіі і Вялікабрытаніі выказалі «расчараванне і занепакоенасць» пазіцыяй Ірана. «Тэгеран адыходзіць практычна ад усіх кампрамісаў, якія амаль былі дасягнутыя падчас папярэдніх раўндаў перамоў у красавіку-чэрвені», – падкрэслілі яны падчас прэс-канферэнцыі ў Вене.

У сваю чаргу расійская дыпламатыя заявіла, што перапынак у перамовах з Іранам не азначае «непазбежнага тупіка ў перамовах, як мяркуюць СМІ. Няма падстаў для драматызацыі», – сказаў пастаянны прадстаўнік Расіі Міхаіл Ульянаў.

Як адзначыў Міхаіл Ульянаў, «перапынак тэхнічны». Пры гэтым ён прызнаў, што «сапраўды, прадстаўнікі заходніх краін, здаецца, былі здзіўлены радыкалізмам новых іранскіх прапаноў».

«Прэса гаворыць аб непазбежнай паразе гэтых перамоў, але не трэба забягаць наперад. Перамовы пачаліся 29 лістапада і доўжыліся ўсяго 5 дзён», – адзначыў Ульянаў. «Я думаю, што рабіць нейкія драматычныя высновы пакуль рана», – дадаў дыпламат.

Як перадае AFP, у бліжэйшыя дні еўрапейскія ўдзельнікі перамоў павінны абмеркаваць прапановы Тэгерана. Іранская дэлегацыя вырашыла пакуль не пакідаць аўстрыйскую сталіцу.

У венскіх перамовах удзельнічаюць прадстаўнікі Ірана і дэлегацыі Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Кітая, Расіі і ЕС, а таксама ўскосна ЗША.

ПР/юл