Беларуская Служба

М'янма: Аун Сан Су Чжы атрымала чатыры гады турмы па першым прысудзе

06.12.2021 09:46
Зрынутаму лідару дзяржавы прадʼяўлена 11 абвінавачанняў.
Aung San Suu Kyi została skazana na 4 lata pozbawienia wolności
Aung San Suu Kyi została skazana na 4 lata pozbawienia wolnościPradeepGaurs/Shutterstock

Зрынуты лідар Мʼянмы Аун Сан Су Чжы прыгаворана да чатырох гадоў турэмнага зняволення. Гэта першы прысуд у серыі спраў, па якіх яна можа быць прыгаворана да пажыццёвага зняволення.

76-гадовая Аун Сан Су Чжы прызнана вінаватай у распальванні варажнечы ў грамадстве і парушэнні кавідных абмежаванняў, уведзеных у адпаведнасці з законам аб стыхійных бедствах.

У агульнай складанасці Аун Сан Су Чжы прадʼяўлена 11 абвінавачанняў. Яна не прызнае віну. Яе прыхільнікі лічаць працэс палітычна матываваным.

Ва ўрадзе Мʼянмы Аун Сан Су Чжы займала пасаду дзяржаўнага саветніка. Да прыходу да ўлады ў 2016 годзе яна была ўплывовым апазіцыйным палітыкам і праваабаронцай, падвяргалася нападам і рэпрэсіям, каля 15 гадоў правяла пад хатнім арыштам. У 1991 годзе ёй была прысуджана Нобелеўская прэмія міру, а год таму – прэмія «За свабоду думкі» імя Сахарава.

З лютага гэтага года, калі вайскоўцы ўчынілі пераварот у Мʼянме, зрынуўшы выбраны грамадзянскі ўрад і затрымаўшы яго лідараў, Аун Сан Су Чжы зноў знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Пакуль незразумела, ці будзе яна адпраўлена ў турму і калі.

Він Мʼін, былы прэзідэнт і яе партыйны саюзнік, таксама быў прысуджаны да чатырох гадоў турэмнага зняволення.

Пасля перавароту і звяржэння дэмакратычна абранага ўрада краіна была паралізаваная пратэстамі, іх падаўленне прывяло да чалавечых ахвяр і ўзмацнення нестабільнасці.

Міжнародная супольнасць асудзіла насілле ў Мʼянме, заходнія дзяржавы запатрабавалі вызвалення Аўн Сан Су Чжы і іншых палітвязняў.

Аўн Сан Су Чжы таксама абвінавачваюць у карупцыі, парушэнні закона аб дзяржаўнай таямніцы і іншых правапарушэннях.

Судовы працэс, які праходзіць у сталіцы краіны Найпʼіда, закрыты для сродкаў масавай інфармацыі.

Паводле ВВС / вх