Беларуская Служба

Палякі застаюцца самай вялікай нацменшасцю ў Літве

31.12.2021 08:31
Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, беларуская нацыянальная меншасць у Літве складае 1 працэнт.
Сцяг ЛітвыPhoto:jorono/pixabay.com/CC0 Public Domain

Палякі застаюцца самай вялікай нацыянальнай меншасцю ў Літве, якая складае 6,5 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Пра гэта сведчаць папярэднія звесткі перапісу насельніцтва, які праводзіўся ў 2021 годзе. Для параўнання ў 2011 годзе польская меншасць складала 6,58 працэнта жыхароў Літвы ( 200 317 чалавек).

«З улікам натуральных асіміляцыйных працэсаў, якія адбываюцца, зніжэнне паказчыка на менш чым 0,1 працэнта на працягу дзесяцігоддзя, гэта сапраўды нязначна», – лічыць дарадчык літоўскага прэм’ера, дырэктар Дома польскай культуры ў Вільні Артур Людкоўскі. Аднак ён дадаў, што польскае грамадства ў Літве хутка старэе.

Папярэднія дадзеныя сёлетняга перапісу насельніцтва паказалі, што за 10 гадоў колькасць жыхароў Літвы скарацілася на больш чым 233 тысячы чалавек. Зараз у краіне пражывае 2 мільёны 800 тысяч чалавек.

Найбольшую нацыянальную групу сярод жыхароў краіны складаюць літоўцы – 84,6 працэнта ад агульнай колькасці, палякі – 6,5 працэнта, расейцы – 5 працэнтаў, беларусы – 1 працэнт.

Больш за 74 працэнты жыхароў Літвы – рымскія католікі. Праваслаўныя складаюць 3,75 працэнта жыхароў.

PAP/аз