Беларуская Служба

«За Расію!». Што пішуць у сацсетках расійскія вайскоўцы і іхныя сваякі пра вучэнні ў Беларусі

26.01.2022 09:45
Афіцыйныя заявы аб пачатку ўвядзення ўзмоцненай групоўкі расійскіх войскаў у Беларусь для правядзення вучэнняў «Саюзная рашучасць» прагучалі толькі пасля таго, як у сацыяльных сетках пачалі зʼяўляцца відэа эшалонаў з вайсковай тэхнікай.
Расійская вайсковая тэхніка ў Беларусі Фота: Радыё Свабода

Свабода прааналізавала, што найчасцей пішуць расійскія карыстальнікі сацыяльных сетак пра вучэнні, пра дыслакацыю і перамяшчэнне войскаў, і чаго зычаць сваім сваякам, якія накіраваліся на вучэнні.

Уся геаграфія Расіі

Расіянка Дыяна Казанцава выклала ў Тіk-Tok відэа свайго мужа, які ў вайсковай форме, з заплечнікам і сумкай выходзіць з кватэры і спускаецца па лесвіцы на вуліцу. «Я буду вельмі моцна сумаваць. Вяртайся хутчэй!» – напісала яна.

У каментарах пад допісам Дыяны яшчэ некалькі карыстальнікаў з Хабараўску і Мурманску паведамілі, што іхныя «сыны і мужы» таксама паехалі ў Беларусь або ў Смаленск.

«Майго таксама адправілі, з Хабараўску»

«Мой таксама цяпер там, невядома на колькі. Няма ніякай сувязі, вельмі перажываю. Веру, што ўсё будзе добра».

«У мяне таксама сын у Беларусь паехаў. 18-га праводзіў, сказалі – на месяц. Навіны глядзіш і ўздрыгваеш».

Яшчэ адзін карыстальнік у сваім каментары паведаміў, што сам служыць у Мурманску ў пяхоце: «Таксама заўтра грузімся, паслязаўтра ад’язджаем». На сваім профілі ён нават прадэманстраваў відэа, якія боепрыпасы загружаюць.

Што пішуць вайскоўцы

Што праўда, у большасці вайскоўцаў на профілях няма публікацый – яны толькі каментуюць відэазапісы іншых, але інфармацыяй дзеляцца вельмі абмежавана. Некаторыя пішуць, што перадыслакаваныя ў Пінск, Гомель, Смаленск, Растоў ці Крым. У асноўным, як гэта можна зразумець з іхных каментароў, яны служаць у войску паводле кантрактаў. Жаўнераў тэрміновай службы не залучаюць да гэтых вучэнняў.

Адзін з іх напісаў, што едзе з кепскім настроем, бо планаваў сваё 20-годзьдзе святкаваць у кватэры, а не на мяжы Беларусі і Украіны.

У каментарах пад гэтай публікацыяй паведамляюць, што едуць у Гомель да 20 лютага, а іншыя – у Валгаград ці Крым на тры месяцы.

Што пішуць сваякі і знаёмыя вайскоўцаў

Юлія Башан, якая мае свой аўтабізнес у Екацярынбургу, апублікавала відэа начнога вайсковага эшалону. Адзін з яе падпісчыкаў напісаў, што гэтую вайсковую акругу «паднялі па трывозе, а з Пермі ў Астрахань паехалі».

«Ну перавозяць тэхніку, далей што? Раней ганялі проста цягнікі з тэхнікай, каб замежную выведку заблытаць. І цяпер вярнуліся да гэтага ж метаду», – піша іншы карыстальнік.

Занепакоенасць і адначасова гонар

Некаторыя карыстальнікі называюць вайсковыя эшалоны магутнасцю Расіі, іншыя выказваюць занепакоенасць.

«Дай Божа здароўя ўсім, хто паехаў на гэтыя вучэнні. Але, мне здаецца, ні хр...а гэта не вучэнні».

«Усё будзе добра. Сынок з Белагорску 7 чысла паехаў. Гэта вучэнні. Мне дзядзечка з вельмі вялікімі зоркамі з Масквы, сябар сям’і, сказаў спаць спакойна».

«У мяне сынок у Лесазаводзку (Прыморскі край РФ. – РС) служыць, таксама паехалі. Толкам нічога не сказаў. Сказаў, нельга. Таксама перажываю».

«Нашым сказалі, што таксама ў Беларусь. У мяне пытанне – чаму на Далёкім Усходзе не правесці вучэнні?»

«Вы самыя магутныя і моцныя, нашы сыны! Мы вас любім, і ўсё будзе добра!»

У адказ на гэта іншая карыстальніца запытала: «А чаму вы дзяцей адпраўляеце на смерць? Навошта?».


Карыстальнікі называюць расійскія гарады і рэгіёны, з якіх адпраўляюць іхных сваякоў-вайскоўцаў на вучэнні ў Беларусь і да межаў Украіны – Забайкальскі край, Бурація, Омск, Новасібірск, Барнаул, Алтайскі край, Бірабіджан, Кузбас, Камсамольск, Цюмень, Тальяці. Многія не разумеюць, навошта і куды перакідаюць такую колькасць баявой тэхнікі.

Але сярод вайскоўцаў пануе патрыятызм. «Мы едзем. За вас, родныя, за Расію!».

Пагроза нападу Расіі на Украіну

Паводле звестак амерыканскай выведкі на 7 студзеня 2022 года, на мяжы Расіі з Украінай знаходзяцца больш за 100 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Таксама там заўважылі дадатковыя баявыя самалёты.

Расійскія ўлады адмаўляюць магчымасць уварвання і заяўляюць, што перасоўванне вайскоўцаў унутры краіны – гэта «суверэннае права» Расіі. Паведамленні аб уварванні Масква называе «беспадстаўным нагнятаннем напружанасці».

Улады Расіі пачалі перамовы з ЗША і NATO аб гарантыях бяспекі ў Еўропе. Згодна з расейскімі патрабаваннямі, ЗША не павінны ствараць вайсковыя базы на тэрыторыі краін былога Савецкага Саюзу, якія не ўваходзяць у NATO, а альянс павінен спыніць пашырэнне на ўсход. У прыватнасці, Расія выставіла патрабаванне не прымаць у NATO Украіну. Прадстаўнікі альянсу ўжо назвалі гэтыя патрабаванні непрымальнымі.

18 студзеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларуска-расейскія манеўры ля ўкраінскай мяжы пачнуцца 10 лютага. Да іх прыцягнуць частку сіл і сродкаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама органы вайсковага кіравання, шэраг воінскіх частак і падраздзяленняў Усходняй вайсковай акругі Ўзброеных сіл Расіі.

Паводле «Радыё Свабода» / вх