Беларуская Служба

Восьмы пакет санцый супраць Расіі б'е па гандалю

28.09.2022 17:18
Гэта адказ Крамлю на далейшую эскалацыю агрэсіі супраць Украіны.
Урсула фон дэр Ляен PAP/EPA/STEPHANIE LECOCQ

Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен у сераду агучыла восьмы пакет санкцый супраць Расіі, які дадаткова абмяжоўвае гандаль з гэтай краінай і ўводзіць абмежаванні супраць канкрэтных асоб. Гэта адказ Крамлю на далейшую эскалацыю агрэсіі супраць Украіны.

«На мінулым тыдні Расія ўзмацніла атаку на Украіну. Фіктыўныя рэферэндумы, якія праводзяцца на акупаваных тэрыторыях, з'яўляюцца незаконнай спробай (...) гвалтоўнай змены межаў. Мабілізацыя Пуціна і пагроза прымянення ядзернай зброі – наступныя крокі на шляху эскалацыі. Яны вызначылі, што Крэмль будзе плаціць за далейшую эскалацыю. Таму мы прапануем сёння яшчэ адзін пакет санкцый супраць Расіі», – сказала фон дэр Ляен у заяве СМІ ў Брусэлі.

Паводле яе ацэнак, новыя гандлёвыя абмежаванні пазбавяць Расію 7 мільярдаў еўра даходу. Акрамя таго, будзе пашыраны пералік тавараў, экспарт якіх забаронены. У яго ўвойдуць электронныя кампаненты і хімікаты, якія выкарыстоўваюцца ў ваеннай і авіяцыйнай прамысловасці.

Акрамя таго, санкцыйны пакет створыць прававую аснову для ўвядзення абмежаванняў на цэны на нафту і забароніць грамадзянам ЕС уваходзіць у органы кіравання расійскіх дзяржпрадпрыемстваў.
Кіраўнік дыпламатыі ЕС Жазэп Барэль паведаміў, што спіс асобаў і арганізацый, якія трапілі пад індывідуальныя санкцыі, будзе пашыраны. Ён таксама заклікаў міжнародную супольнасць не прызнаваць фальшывыя рэферэндумы, арганізаваныя Расіяй у акупаванай Украіне.

«З дапамогай незаконных рэферэндумаў Крэмль рэалізуе той жа сцэнар, які мы бачылі ў Грузіі ў 2008 годзе і ў Крыме ў 2014 годзе», – сказаў Барэль, дадаўшы, што гэта парушэнне міжнароднага права і прынцыпаў, якія змяшчаюцца ў Статуце Арганізацыі Абʼяднаных Нацый.

ав