Беларуская Служба

Украіна змагаецца з беспрацоўем і высокай інфляцыяй

03.12.2022 07:12
Украінскі ўрад ацэньвае, што да канца году беспрацоўе ў краіне дасягне 30%, у сваю чаргу інфляцыя складае 26%.
,
Барадзянка, УкраінаPAP/Viacheslav Ratynskyi

Украінцы не паспяваюць рамантаваць энергетычныя сеткі, краіна таксама змагаецца з беспрацоўем і высокай інфляцыяй, піша «Rzeczpospolita».

Вядучы ўкраінскі палітолаг Уладзімір Фясенка прызнае, што найбольш цяжка было некалькі дзён пасля масавага абстрэлу 23 лістапада. «Да ўсяго можна прызвычаіцца. Спачатку мы грэлі боршч на свечках, пасля купілі турыстычнае паліва ў форме таблетак. Галоўнымі з’яўляюцца таксама павербанкі. Я не чуў, каб здараліся пратэсты ці беспарадкі з-за адключэння электраэнергіі. Аднак я ведаю, што Расія спрабуе іх выклікаць, асабліва ў расійскамоўных рэгіёнах», – дадае палітолаг.

Украінскі ўрад ацэньвае, што да канца году беспрацоўе ў краіне дасягне 30%, піша газета. «Вайна знішчае рынак працы ўкраінцаў. Ваенныя дзеянні ідуць там, дзе былі працаўладкаваныя 10 млн працаўнікоў. Прынамсі 5 млн чалавек страцілі працу», – паведаміла нядаўна віцэ-міністр гаспадаркі Таццяна Бэрэжна.

У сваю чаргу інфляцыя ва Украіне складае 26%.

«Напэўна нехта выедзе зімою. Але хто хацеў і мог, той выехаў у сакавіку. Тады сапраўды людзі з’язджалі масава, дарогі былі заблакаваныя. Сёння гэтага не бачна. Праўда, людзі стараюцца выехаць з гораду ў вёску», – кажа Фясенка.

ав