Беларуская Служба

Мінабароны Украіны: стан вызваленых з расійскага палону ўкраінцаў выклікае заклапочанасць

05.02.2023 09:01
23 чалавекі маюць цяжкія раненні, іх знешні выгляд сведчыць аб нездавальняючых умовах утрымання і харчавання.
 :
Мінабароны Украіны: стан вызваленых з расійскага палону украінцаў выклікае заклапочанасцьhttps://t.me/ministry_of_defense_ua/5358

Стан украінскіх палонных, вызваленых з расійскага палону, выклікае заклапочанасць, заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Дзмітрый Усаў. У суботу адбыўся чарговы абмен палоннымі паміж ваюючымі бакамі. З расійскага палону ва Украіну вярнуліся 116 вайскоўцаў. 23 чалавекі маюць цяжкія раненні, іх знешні выгляд сведчыць аб нездавальняючых умовах утрымання і харчавання.

Дзмітрый Усаў адзначыў, што ў перамовы таксама ўнёс свой уклад міністр унутраных спраў Дзяніс Манастырскі, які нядаўна загінуў у авіякатастрофе.

– З палону вярнуліся 116 вайскоўцаў, сярод іх прадстаўнікі Узброеных Сіл Украіны, ВМС, Нацыянальнай гвардыі Украіны і Нацыянальнай паліцыі. Адзначу, што гэты абмен мы арганізавалі разам з Дзянісам Манастырскім. Яго падначаленыя таксама былі вызваленыя. На жаль, стан нашых вязняў не палепшыўся за ўвесь час абменаў: 23 чалавекі цяжка параненыя, на жаль, некаторыя з іх ужо вярнуліся з ампутаванымі рукамі і нагамі.

Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак паведаміў, сярод вызваленых і адна жанчына. Самаму маладому з вызваленых украінцаў 20 гадоў, старэйшаму – за 60 гадоў. Таксама расіяне вярнулі целы брытанскіх добраахвотнікаў, якія ўдзельнічалі ў эвакуацыі мірных жыхароў з Саледара.

З украінскага палону выйшлі 63 расійскія ваеннапалонныя, пасярэднікам у перамовах выступілі Аб'яднаныя Арабскія Эміраты.
Папярэдні абмен па формуле 60 на 60 адбыўся 6 снежня.

яс