Беларуская Служба

Ва Украіне праходзіць фінансавая праверка заказаў для арміі

05.02.2023 19:01
Генпракуратура Украіны праводзіць шырокае расследаванне па факце завышэння коштаў на тавары і тэхніку для ўкраінскіх узброеных сіл.
 .
Ілюстрацыйнае фота.Фота з адкрытых крыніц

Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што яго ведамства правярае ўсе заказы для арміі. Пры гэтым ён заявіў, што гатовы падаць у адстаўку, калі таго пажадае прэзідэнт.

«Мы пачалі ўнутраны аўдыт, і адзіны чалавек, які можа вырашыць пра маю будучыню на пасадзе міністра абароны гэта галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі», – сказаў Аляксей Рэзнікаў.

Пры гэтым Рэзнікаў адзначыў, што ў выпадку адстаўкі, ён «як юрыст абавязкова знойдзе працу, каб прыцягнуць кіраўніцтва Расіі да адказнасці за развязванне вайны».

Генеральная пракуратура Украіны праводзіць шырокае расследаванне па факце завышэння коштаў на тавары і тэхніку для ўкраінскіх узброеных сіл.

Мяркуецца, што з-за махінацый аднаго з дарадцаў намесніка міністра абароны Вячаслава Шапавалава ўкраінскі бюджэт можа страціць агулам 2 мільярды грыўняў, гэта значыць больш за $53,5 млн.

Паводле звестак украінскіх дзяржслужбаў, адразу пасля пачатку расійскага ўварвання, адна з прыватных кампаній па ўзгадненні з чыноўнікам падпісала кантракт на пастаўку тавараў і абсталявання для Узброеных сіл Украіны. Аднак кантракт яна не выканала.

У рамках гэтага ж следства таксама затрымалі дырэктара кампаніі і яшчэ двух фігурантаў справы.

Забяспечана больш актывы кампаніі на суму больш за 50 млн долараў. Сам намеснік міністра падаў у адстаўку ў канцы студзеня пасля затрымання дырэктара і супрацоўнікаў фірмы, якая пастаўляла ўзброеным сілам тэхніку па завышаных цэнах.

Карупцыя датычыла паставак прадуктаў харчавання і будаўніцтва казармы

Генпракуратура Украіны таксама паведаміла аб пачатку расследавання ў дачыненні да кіраўнікоў дзвюх кампаній, адказных за пастаўкі тавараў і паслуг, у тым ліку прадуктаў харчавання, для Узброеных сіл Украіны. Прадпрымальнікі завышалі выдаткі на набыццё тавараў, а таксама заключылі здзелкі з лжэпадрадчыкамі. Такім чынам, Мінабароны Украіны панёс страты ў памеры 120 млн грн (амаль $3,4 млн).

У Мікалаеўскай вобласці Служба бяспекі Украіны сёння затрымала яшчэ аднаго супрацоўніка Мінабароны. Ён меў дачыненне да растраты значнай сумы пры будаўніцтве казармы.

Ператрусы, арышты і звальненні 

З канца студзеня ў рамках барацьбы з карупцыяй на вышэйшым узроўні ва Украіне праходзяць ператрусы, арышты і звальненні чыноўнікаў, бізнесменаў і вядомых асоб.

Уплывовы намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Кірыл Цімашэнка падаў у адстаўку. Кіраўніцтва мытнай службы адправілі ў адстаўку. У некалькіх алігархаў прайшлі ператрусы.

Украіна шмат гадоў змагаецца з карупцыяй на высокім узроўні. У кантэксце вайны кантракты на пастаўку зброі таксама сталі мэтай карумпаваных чыноўнікаў. Эфектыўная барацьба з карупцыяй – адна з ключавых умоў збліжэння Украіны з Еўрасаюзам.

IAR/яс