Беларуская Служба

27 ліпеня 1990 году была падпісана дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БСРР

27.07.2019 18:18
27 ліпеня было абвешчана святам Незалежнасці Беларусі і афіцыйна адзначалася да 1996 году.
Аўдыё
  • 27.07.1990_Дэкларацыя аб суверэнітэце
Сцяг БССР Автор: Zscout370, reworked by Pianist - собственная работа See here., Общественное достояние, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=321899

Гэты дзень гістарычна лічыцца пачаткам палітычнага існавання Рэспублікі Беларусь як дзяржавы на сусветнай мапе. Як мы ведаем, шлях да гэтага быў вельмі доўгі і цяжкі. Асноўнай прадумовай для гэтага кроку стаўся працэс распаду Савецкага Саюзу і абвяшчэнне незалежнасці іншымі краінамі. Эстонія, напрыклад, прыняла дэкларацыю яшчэ ў 1988 годзе, Літва, Латвія, Азербайджан у 1989. Перад Беларуссю прынялі дэкларацыі аб суверэнітэце Украіна, Узбекістан, Грузія і Расея. Толькі пасля таго, як РСФСР абвесціла пра суверэнітэт 12 чэрвеня, беларускія ўлады прынялі рашэнне пра прыняццё падобнага дакументу.

18 чэрвеня Прэзідыум Вярхоўнай Рады БССР прыняло пастанову пра падрыхтоўку Дэкларацыі і стварэнне адмысловай камісіі. У склад камісіі ўвайшлі старшыня Рады Мікалай Дземянцей, Станіслаў Шушкевіч, Віктар Ганчар, Леанід Козік, Ніл Гілевіч, усяго 35 чалавек. Цікава, што камісія не спяшалася з распрацоўкай дэкларацыі, чакалі. Толькі, калі дэкларацыі прынялі іншыя савецкія рэспублікі, беларускія ўлады пачалі спяшацца, каб не быць апошнімі.

Калі дэкларацыя распрацоўвалася, большасць парламентарыяў нават і не думала пра выхад з СССР, у тэксце сцвярджалася пра неабходнасць аднаўлення Саюзу і заяўлена пра падрыхтоўку новай дамоўленасці па Саюзу.

Былі і альтэрнатыўныя прапановы. БНФ прапанаваў дэнансаваць Саюзны дагавор ад 1922 году, цалкам выйсці з СССР і адмовіцца ад падпісання іншых саюзных дамоўленасцей. Тым ня менш, гэтыя прапановы былі адкінутыя, як і прапанова перайменаваць БССР у Рэспубліку Беларусь.
На галасаванне былі таксама пастаўлена назва Дэкларацыі: «Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР», «Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі», «Дэкларацыя аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі». Быў прыняты першы варыянт. Агульна, пасля дыскусіі за прыняццё дэкларацыі прагаласавала 229 дэпутатаў з 232.

27 ліпеня было таксама абвешчана святам Незалежнасці Беларусі і афіцыйна адзначалася да 1996 году.
На той момант дэкларацыя была абвяшчэннем ідэяў дзяржаўнага будавання. У сакавіку 1991 году адбыўся ўсесаюзны рэферэндум па пытанню захавання СССР, 80% беларусаў прагаласавала за захаванне. Толькі 25 жніўня 1991 году, пасля спробы дзяржаўнага перавароту, дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага дакументу.

Павал Усаў


Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара