Беларуская Служба

У Польшчы пачалася грамадская кампанія "Нас 60 мільёнаў"

06.08.2019 15:05
Мэта: пашырэнне ведаў пра палякаў, якія пражываюць за мяжой, а таксама інфармаванне палякаў замежжа пра важныя падзеі ў Польшчы.
Аўдыё
  • «Нас 60 мільёнаў» – гэта ініцыятыва, мэтай якой з’яўляецца будаванне пачуцця адзінства сярод усіх палякаў свету
Polonia w USA
Polonia w USARoberto Galan/Shutterstock.com

На мінулым тыдні на Польскім радыё адбылася ўрачыстасць, звязаная з пачаткам грамадскай кампаніі пад назваю «Нас 60 мільёнаў». Галоўная мэта акцыі – пашырэнне ведаў пра палякаў, якія пражываюць за мяжой Польшчы, а таксама інфармаванне палякаў замежжа пра важныя падзеі, якія адбываюцца ў Польшчы.

«Нас 60 мільёнаў» – гэта ініцыятыва, мэтай якой з’яўляецца перш за ўсё будаванне пачуцця адзінства сярод усіх палякаў, як тых, што пражываюць у Польшчы, так і асоб польскага паходжання з замежжа, – адзначыў маршал Сенату (вышэйшай палаты парламенту) Польшчы Станіслаў Карчэўскі.

- Кожная ініцыятыва, якая наблізіць нас, палякаў, якія пражываюць у Польшчы, з тымі палякамі, якія пражываюць за мяжой, вельмі патрэбная. Дзякуючы такім акцыям выбудоўваецца наша адзінства. І такая менавіта мэта дадзенай акцыі. Мяне вельмі радуе, што на столькі шмат суб’ектаў зацікавілася згаданай ініцыятывай. Дарэчы, яшчэ падчас сваёй першай прамовы пасля ўступлення на пасаду прэзідэнт Анджэй Дуда казаў пра неабходнасць будаваць адзінства палякаў, якія жывуць у Польшчы, і палякаў замежжа. Мы гэта ажыццяўляем.

Меркаваннем старшыні Рады нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі Польшчы Кшыштафа Чабаньскага, удзел у кампаніі з’яўляецца нацыянальным інтарэсам, важным для дзяржавы.

- Калі мы думаем пра палякаў замежжа, то мы думаем таксама пра польскі дзяржаўны інтарэс. А польскі дзяржаўны інтарэс – гэта тое, у імя чаго павінны працаваць грамадскія сродкі масавай інфармацыі. Мы змянілі гэтыя СМІ, дзякуючы старшыням, тут прысутным, мы дбаем пра тое, каб яны пазітыўна ўплывалі на польскі дзяржаўны інтарэс. Рада нацыянальных СМІ, прызначаючы гэтых старшыняў на пасаду, клапоціцца пра польскі дзяржаўны інтарэс і выконвае свой абавязак перад польскай дзяржавай.

Мэта кампаніі «Нас 60 мільёнаў» – ня толькі распаўсюджванне ведаў, але таксама выбудоўванне эмацыйных сувязяў паміж польскімі эмігрантамі і Айчынай. Гэтак пра акцыю гаворыць міністр навакольнага асяроддзя, старшыня Рады таварыства «Wspólnota Polska» Генрык Кавальчык. Ён спадзяецца, што дзякуючы кампаніі частка палякаў, якія з’ехалі за мяжу, вырашыць вярнуцца ў Польшчу.

- Я спадзяюся, што ўсе тыя, хто захоча вярнуцца ў Польшчу, атрымаюць такую магчымасць. Я спадзяюся таксама, што дзякуючы кампаніі «Нас 60 мільёнаў» многія палякі, якія пражываюць цяпер у самых розных краінах, на першы позірк багацейшых за Польшчу, прымуць рашэнне пра тое, каб на Айчыну вярнуцца.

У рамках кампаніі «Нас 60 мільёнаў», у польскіх сродках масавай інфармацыі паявяцца перадачы на самую розную тэматыку – адукацыйныя, спартыўныя, гістарычныя і культурныя. Чаму ў кампанію ўключылася Польскае радыё, тлумачыць яго старшыня Анджэй Рагойскі (Andrzej Rogoyski).

- Калі я гляджу на гісторыю Польскага радыё, мяне не здзіўляе, што станцыя атрымала такую задачу. Яшчэ перад Другой сусветнай вайной на хвалях Польскага радыё можна было пачуць перадачы, запісаныя з думкаю пра палякаў замежжа. У нас багатая традыцыя сувязяў з палякамі замежжа. Мы таксама ладзім кантакты з польскамоўнымі радыёстанцыямі з усяго свету.

Акцыя толькі-толькі пачынаецца, але ў рамках кампаніі «Нас 60 мільёнаў» адбыўся ўжо між іншым першы Кангрэс польскай моладзі Паўднёвай Амерыкі ў Бразіліі. Маладыя людзі польскага паходжання, якія пражываюць між іншым у Аргентыне, Чылі, Бразіліі ды Уругваі, удзельнічалі ў дэбатах, сустрэчах, канцэртах і майстар-класах.

А чаму кампанія называецца «Нас 60 мільёнаў»? Як можна здагадацца, назва ўзялася з таго, што 60 мільёнаў – гэта прыблізная колькасць усіх палякаў, якія пражываюць на свеце. Каля 40 мільёнаў – у Польшчы, астатнія – за мяжой краіны.

У кампаніі ўдзельнічаюць, між іншым, Сенат Рэспублікі Польшча, Таварыства «Wspólnota Polska», Рада нацыянальных мас-медыя, Польскае агенцтва друку, Тэлебачанне Polonia, Польскае радыё і часопіс «Do Rzeczy».

ІАР ПР/нг