Беларуская Служба

Польская праграма эканамічнай адукацыі для дзяцей заваёўвае папулярнасць на свеце

13.08.2019 17:51
У кнізе апісаны 12 тэмаў, узаемазвязаных паміж сабою, а датычаць яны сітуацый, якія дзеці ведаюць са штодзённага жыцця.
Аўдыё
  • У Польшчы распрацаваная праграма эканамічнай адукацыі для дзяцей
У Польшчы распрацаваная праграма эканамічнай адукацыі для дзяцейPixabay

Усе мы хадзілі ў школу, дзе нас вучылі чытаць, пісаць, лічыць. Ніхто не ставіць пад сумнеў, што сучаснаму чалавеку патрэбныя такія ўменні. А ці малодшыя павінны таксама мець урокі на тэму эканомікі? Адказ на дадзенае пытанне ўжо менш элементарны, аднак многія бацькі ў Польшчы лічаць, што дзяцей неабходна вучыць асноўным эканамічным паняццям. Гаворыць ініцыятар праграмы «АВС эканомікі для дзяцей» Артур Чапчыньскі (Artur Czepczyński).

- Шмат гадоў таму мы вырашылі, што ў гадаванні дзяцей вельмі важная эканамічная адукацыя. Дзеці ведаюць, што ў бацькоў ёсць банкаўская картачка, пры дапамозе якой яны бяруць грошы ў банкамаце. Як правіла дзеці зусім не бачаць сувязі паміж працай бацькоў і грашыма. Не ведаюць, што бюджэт мае свае межы – незалежна ад таго, ці гэта бюджэт гораду, дзяржавы, ці адной сям’і. Мы вучым дзяцей, як дбаць пра свой бюджэт, як рацыянальна карыстацца грашыма, каб не трапіць у празмерную задоўжанасць.

У Польшчы вельмі нізкі адсотак інавацыйных фірмаў, людзі баяцца засноўваць новы бізнес, ствараць нешта з нуля. На думку ініцыятараў праграмы эканамічнай адукацыі для дзяцей, адна з прычын – менавіта адсутнасць эканамічнай адукацыі ў дамах ды школах. Па словах Дам’яна Купчыка (Damian Kupczyk), старшыні Фундацыі сям’і Чапчыньскіх, адказнай за праграму, асноўная задача такой адукацыі – паказаць дзецям сувязь паміж грашыма і рэальнай карысцю для жыхароў, у грошай не павінна быць дрэнных канатацый.

- Грошы павінны атаясамлівацца з інструментам рэалізацыі мэтаў. На маю думку, важней за ўсё паказаць дзецям сувязь паміж грашыма і грамадскім капіталам, што дзякуючы грошам можна змяншаць колькасць малазабяспечаных людзей, праводзіць дабрачынныя акцыі, дапамагаць іншым. Таксама тое, што можна мяняць свет – у мікрамаштабе – у нашай сям’м, ды ў макрамаштабе – у канкрэтнай дзяржаве, дзякуючы грошам. Калі мы будзем паказваць толькі адзін бок эканомікі – прадпрымальніцтва і магчымасць высокага заробку, то нашы дзеці вырастуць эгаістамі і матэрыялістамі. Тады мы не зменім гэты свет у лепшы бок і не ажыццявім тых мэтаў, якія паставілі перад сабой.

«АВС эканомікі для дзяцей» – гэта кніга, але таксама праграма адукацыі, як мы ўжо сказалі. Падручнік напісаны для дзяцей, але прызначаны таксама для бацькоў ды для настаўнікаў.

- Кніга – гэта інструмент адукацыі ў рамках праграмы, якую мы падрыхтавалі для дзяцей у дашкольным узросце. Дарэчы, ад самага пачатку праект ствараўся разам з дзецьмі, з іх актыўным удзелам. Яны адразу маглі сказаць, чаго не разумеюць, што для іх надта складана і г.д. У кнізе апісаны 12 тэмаў, якія ўзаемазвязаны паміж сабою, а датычаць яны сітуацый, якія дзеці ведаюць са штодзённага жыцця. Калі дзіцяці не патлумачыць некаторыя пытанні, у яго галаве ствараюцца непатрэбныя і шкодныя міфы, як у раней названым прыкладзе з банкаматам. Чым раней мы высветлім важныя патанні, звязаныя з грашыма, тым лепшыя дзіця будзе мець уменні па вырашэнні праблем.

Напісаны ўжо версіі падручніка на ангельскай ды нямецкай мовах, магчыма, ён будзе перакладзена таксама на іншыя мовы. Такім чынам эканамічная адукацыя для дзяцей з Польшчы можа трапіць у самыя далёкія куткі свету, – кажа Уршуля Мархвяк (Urszula Marchwiak) з арганізацыі UNICEF Polska.

- На дадзены момант 264 млн. дзяцей на свеце пазбаўлена адукацыі. Вядома, што кожны год адукацыі дзіцяці павышае яго даход у будучыні на 10%. Таму мы заангажаваліся ў стварэнне кніжкі пра эканоміку для дзяцей. Інвестыцыя ў адукацыю – гэта інвестыцыя ў будучыню дзяцей. Асабліва ў краінах, дзе назіраюцца ўзброеныя канфлікты, або яны толькі ўвайшлі на шлях развіцця.

Аўтары праекту не спадзяваліся, што кніга акажацца такой папулярнай не толькі ў Польшчы, але таксама паза яе межамі. Працягвае Артур Чапчыньскі.

- Рыхтуючы гэтую праграму, мы разлічвалі, што правядзем у Польшчы грамадскую праграму. Самым вялікім поспехам аказалася тое, што яна заваявала таксама іншыя краіны. Мы размаўлялі з людзьмі, якія займаюцца эканамічнай адукацыяй на свеце. Яны сказалі, што няма такіх праграм ні ў Англіі, ні ў Галандыі, ні ў ЗША. Усім здаецца, што эканамічная адукацыя адпаведная для дзяцей у сярэдніх школах, а пра дашкольнікаў ніхто не падумаў. Мы эканамічную адукацыю ўвялі ў дзіцячыя садкі. І гэта поспех.

У распаўсюджванні кніжкі «АВС эканомікі для дзяцей» прымае ўдзел польскае Міністэрства замежных спраў.

ПР/нг