Беларуская Служба

Як палякі ў акупаванай Варшаве скралі ў немцаў 105 млн злотых

16.08.2019 08:12
Пасля акцыі «Гураль» акупанты пачалі вельмі моцна ахоўваць перавозку грошай: яны перавозіліся іх у калоне ў суправаджэнні бронетранспарцёраў ды нават танкаў.
Аўдыё
  • 76 гадоў таму польскае падполле ў акупаванай гітлераўцамі Варшаве здзейсніла дзёрзкі напад
Warszawa w czasie niemieckiej okupacji
Warszawa w czasie niemieckiej okupacjiNAC

76 гадоў таму польскае падполле ў акупаванай гітлераўцамі Варшаве здзейсніла дзёрзкі напад, скраўшы ў гітлераўцаў 105 млн злотых. Грошы былі накіраваныя на змаганне з акупантамі.

12 жніўня 1943 года салдаты Арміі Краёвай правялі спецаперацыю, якая працягвалася ўсяго 2,5 хвіліны, але падрыхтоўка да яе доўжылася ажно 14 месяцаў.

1942 год, Другая сусветная вайна ў самым разгары. Польская падпольная дзяржава не мае грошай на барацьбу з гітлераўскімі акупантамі. Фінансавых сродкаў не хапае практычна на ўсё: на зброю, на падробку дакументаў, подкуп немцаў і г.д. Грошы з Лондану, дзе знаходзіцца эміграцыйны ўрад, паступаюць нерэгулярна. Акрамя таго, часта перахопліваюцца немцамі. Вясной 1942 года камандуючы АК Стэфан Равецкі «Грот» згаджаецца на правядзенне спецаперацыі па здабычы грошай. Партызаны вырашаюць здзейсніць напад на грузавік, які будзе перавозіць вялікую суму грошай з Эмісійнага банку. Узгадвае адзін з удзельнікаў аперацыі Анджэй Жупаньскі (1921 – 2017 г.г.). Архіўны запіс Польскага радыё з 1994 года.

- Акцыя праходзіла пад двума кодавымі назвамі: «Мільёны» і «Гураль». А чаму «Гураль»? Па-польску «гураль» – гэта горац, насельнік гор Татры. Найбольшай банкнотай акупацыйнага злотага была купюра ў 500 злотых, на якой была выява гураля – горца. І адсюль – назва акцыі.

Мэта акцыі – здабыць грошы, вялізную суму грошай: як пазней аказалася, ажно 105 млн злотых. Грошы планавалася прызначыць на пакупку зброі, вопраткі і тэхнікі Арміі Краёвай. Адным словам, фінансавыя сродкі ішлі на патрэбы падпольнай арміі, якая была бедная, і якой з Лондану, ад ураду Польшчы, паступала няшмат грошай.

Выкананне задачы было пастаўленае дыверсійнаму атраду Арміі Краёвай «Аса/Каса». Асноўнай праблемай было разгадаць трасу дастаўкі грошай, бо немцы перавозку банкнотаў трымалі ў строгім сакрэце, пры гэтым часта мяняючы трасу. Арміі Краёвай удалося завербаваць да супрацы двух супрацоўнікаў Эмісійнага банку: Фердынанда Жылу і Яна Валошына.

Разведцы Арміі Краёвай удалося даведацца, што магчымыя дзве трасы руху банкаўскага грузавіка, таму было прынятае рашэнне арганізаваць засады ў двух месцах.

І вось, вялікі грузавік выехаў з банку і пачаў рухацца па вуліцах Варшавы. Каля 11.00 гадзіны на Сенатарскай вуліцы пад аўтамабіль раптоўна трапляе вазок з садавіной і гароднінай, які штурхнулі падпольшчыкі. Грузавік спыняецца, а польскія салдаты адкрываюць агонь. У выніку перастрэлкі загінулі чатыры нямецкія салдаты, польскі паліцэйскі і польскі супрацоўнік банку, а таксама нямецкі афіцэр і салдат з іншай, выпадковай машыны. Раненні атрымалі чатыры чалавекі, якія трапілі ў поле агню. З польскага боку страты былі мінімальныя – двое салдат атрымалі раненні. У выніку нападу палякі перахапілі 105 млн злотых – вялізную суму як на тыя часы. Для параўнання: у часы акупацыі рабочы зарабляў 250 злотых, а чыноўнік альбо настаўнік – ад 300 да 1200 злотых.

Немцы адразу ж паставілі на ногі ўвесь гарнізон. За дапамогу ў затрыманні «бандытаў» абяцалі ўзнагароду ў памеры 5 млн злотых. Падпольшчыкі ж спецыяльна высылалі немцам фальшывыя даносы, каб увесці гітлераўцаў у зман.

Пасля акцыі «Гураль» акупанты пачалі вельмі моцна ахоўваць перавозку грошай: яны перавозіліся іх у калоне ў суправаджэнні бронетранспарцёраў ды нават танкаў.

Валеры Саўко

сюжэт падрыхтаваны на падставе архіўных матэрыялаў Польскага радыё

слухайце аўдыё