Беларуская Служба

Польшча плануе паставіць некалькі дзясяткаў тон медычнага абсталявання ў Замбію

20.08.2019 13:21
Пра гэта было заяўлена ў панядзелак, у Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі.
Аўдыё
  • Польшча дапамагае замежным краінам
     , .
Лагер для ўцекачоў у Паўднёвым Судане, Афрыка. Ілюстрацыйны здымакVlad Karavaev/Shutterstock.com

120 супрацоўнікаў дабрачынных арганізацый загінула ў мінулым годзе на ўсім свеце ў часе выканання сваіх прафесійных абавязкаў. Пра гэта згадвалі ўчора, падчас Сусветнага дня гуманітарнай дапамогі, устаноўленага ў гадавіну замаху на Вярхоўнага камісара ААН у Багдадзе, што здарылася 16 гадоў таму. Дадзены дзень з’яўляецца знакам пашаны для ўсіх супрацоўнікаў дабрачынных арганізацый і гуманітарных аперацый, якія аказваюць дапамогу самым малазабяспечаным жыхарам планеты ў тых кропках Зямлі, дзе адбываюцца ваенныя канфлікты або стыхійныя бедствы.

Польскія ўлады адмаўляюцца прымаць у краіне ўцекачоў з-за мяжы, але яны заяўляюць, што значна пашырылі дапамогу людзям на месцы, у тых рэгіёнах, дзе яна патрэбная. Дапамога на месцы і супрацоўніцтва з урадавымі ўстановамі ды грамадскімі арганізацыямі дадзенай краіны – гэта мадэль польскай гуманітарнай дапамогі. У мінулым годзе на дадзеныя мэты былі прызначаны амаль 3 млрд. злотых. Польшча аказвае таксама матэрыяльную дапамогу, аб чым паведаміў надоечы міністр па пытаннях гуманітарнай дапамогі Міхал Вось. У бліжэйшы час дзяржава паставіць тэхніку ў Замбію.

- Гэта 22 тоны медычнага абсталявання, якое ўжо чакае адпраўкі. Яна паедзе ў Замбію, у 18 медычных пунктаў. Над праектам працуе амаль 300 чалавек.

Падобны праект быў рэалізаваны ў ірацкім Курдыстане, куды Польшча адправіла 13,5 тон медычнага абсталявання. Гаворыць Давід Чыж з фундацыі «Арліная страж», якая каардынуе дапамогу ахвярам тэрарыстаў гэтак званай Ісламскай дзяржавы.

- Гэтая тэхніка ў многіх клініках будзе адзіным медычным абсталяваннем, якім тамашнія дактары могуць лячыць людзей. Пацыентамі лекараў у гэтых медычных пунктах з’яўляюцца пераважна людзі, якім раней прыйшлося ўцячы, і толькі цяпер яны паступова вяртаюцца ў свае родныя дамы.

Як мы ўжо згадалі, 19 жніўня адзначаўся Сусветны дзень гуманітарнай дапамогі. Сёлета ўвага была скіраваная на жанчын, якія працуюць у розных міратворчых аперацыях.

Меркаваннем Дароты Варанецкай з Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі, якая была на місіях у Іраку ды палестынскай аўтаноміі, жанчыне ў некаторых сітуацыях нават прасцей, чым мужчыне, навязаць кантакт з іншымі.

- Асабліва калі гаворка ідзе пра дапамогу людзям, якія перажылі акты сексуальнага дамагальніцтва, то жанчыне значна прасцей з імі паразмаўляць, аказаць падтрымку. Ахвяры – гэта як правіла жанчыны, і таму ім прасцей расказаць пра свой боль і свае перажыванні іншай жанчыне.

Па словах Дароты Варанецкай, у некаторых сітуацыях вельмі важным фактарам з’яўляецца культура дадзенага грамадства, між іншым, гэта відаць у краінах Блізкага Ўсходу.

- Я праводзіла экспертную ацэнку праектаў гуманітарнай дапамогі ў Ліване. Гаворка ішла пра падтрымку ўцекачоў з Сірыі. Мне здаецца, што мне, жанчыне, часта было прасцей уваходзіць у дамы людзей, каб правесці з імі гутарку. У кансерватыўных грамадствах у гэтай дамашняй сферы дамінуюць жанчыны, гэта іх прыватная частка дому. І там жанчынам прасцей паразмаўляць, даверыцца іншай жанчыне.

З аднаго боку жанчынам дзякуючы іх полу можа быць прасцей працаваць з ахвярамі войнаў ці злачынстваў. Аднак, з іншага боку, усё яшчэ моцна дзейнічаюць стэрэатыпы, што калі ў жанчыны ёсць малыя дзеці, яна павінна адмовіцца ад прафесійнай дзейнасці, асабліва такой небяспечнай, як праца ў гуманітарных місіях. У Дароты Варанецкай ёсць малое дзіця, і яна кажа, што адчувае на ўласнай асобе гэты стэрэатып.

- Так, мне часта здараецца пачуць негатыўныя каментары. Але ў мяне ёсць падтрымку з боку мужа, бабулі, дзядулі майго дзіцяці, так што не думаю, каб дзіця было вельмі моцна пакрыўджана. Трэба згадзіцца, што грамадства з меншым адабрэннем глядзіць на такую працу жанчын, чым мужчын. І трэба быць падрыхтаваным да розных каментароў, тыпу «Калі ты ў канцы канцоў пачнеш нармальна жыць!». Я б не адмовілася ад гэтай працы, якая, па-першае, адказвае маім зацікаўленням, а па-другое, дае задавальненне дзякуючы дапамозе іншым. Акрамя таго, я магу пры нагодзе праводзіць назіранні, паколькі я таксама даследчыца, сацыёлаг.

Пра сваю працу распавядала Дарота Варанецка з Польскага цэнтру міжнароднай дапамогі – няўрадавай арганізацыі, якая аказвае падтрымку ахвярам войнаў, малазабяспечаным асобам, а таксама ахвярам стыхійных бедстваў на некалькіх кантынентах.

ІАР ПР/нг