Беларуская Служба

У Польшчы другі раз адбываецца грамадская кампанія #KTOTYJESTEŚ

03.09.2019 14:33
Галоўная мэта – папулярызацыя польскай мовы сярод асоб польскага паходжання, якія пражываюць за мяжой.
Аўдыё
  • Пачалася грамадская кампанія "#Хтоты"

У мінулым годзе ў Польшчы ўпершыню прайшла грамадская кампанія пад назваю #ХТОТЫ (#KTOTYJESTEŚ). Яна была зладжана з думкаю перш за ўсё пра асоб польскага паходжання, якія пражываюць у заходніх краінах. Арганізатары акцыі імкнуліся, каб палякі, якія калісьці з’ехалі з Польшчы і жывуць за мяжою, зразумелі, як важна перадаваць родную мову наступным пакаленням, а таксама клапаціцца пра кантакт са сваякамі і знаёмымі ў Польшчы, не траціць сувязі з Айчынай. Важна таксама было паказаць карысць, якую дзеці атрымліваюць, калі вучацца размаўляць на некалькіх мовах, адной з якіх з’яўляецца польская.

Сёлета кампанія #ХТОТЫ працягваецца. На мінулым тыдні прайшла ўрачыстая інаўгурацыя праграмы ў Сенаце Польшчы. Галоўная мэта кампаніі застаецца нязменнай – гэта папулярызацыя польскай мовы сярод нашчадкаў палякаў, якія пражываюць за мяжой. Арганізатары акцыі – Сенат Польшчы і Фундацыя «Дапамога палякам на ўсходзе». Дарэчы, медыя-партнёрам акцыі з’яўляецца наша праграма – Польскае радыё для замежжа.

Па словах спікера Сенату Станіслава Карчэўскага, дзякуючы папулярызацыі польскай мовы, агулам расце зацікаўленне Польшчай за мяжою.

- Людзі цікавяцца Польшчай, усё часцей пачынаюць шукаць свае карані. Мяне вельмі цешыць, што дадзеная ініцыятыва атрымала свой працяг. Я спадзяюся, што кампанія будзе праходзіць і ў наступныя гады. Гэта выдатная ідэя, каб прывіць маладым людзям любоў да роднай мовы, выклікаць у іх зацікаўленне польскай мовай, каб яны яе вывучалі.

Арганізатары кампаніі падрыхтавалі два відэа-ролікі, з якімі можна пазнаёміцца на сайце www.ktotyjestes.pl.

Калі хтосьці хоча вывучаць польскую мову, то на дадзенай інтэрнэт-старонцы ён знойдзе кантактныя дадзеныя замежных устаноў, дзе можна вучыць польскую мову, а таксама атрымаць дапаможную інфармацыю.

У гэтым годзе арганізатары кампаніі засяроджваюцца на папулярызацыі польскай мовы сярод асоб польскага паходжання, якія пражываюць у Літве, Латвіі, Украіне, Беларусі, Чэхіі, Казахстане ды Расіі. У польскіх школах на тэрыторыі гэтых дзяржаў вучыцца прыкладна 150 тыс. вучняў.

Старшыня Фундацыі «Дапамога палякам на ўсходзе» Мікалай Фалькоўскі адзначае, што галоўная мэта кампаніі – не толькі папулярызацыя польскай мовы, але таксама абмен досведам.

- Вельмі важна папулярызаваць польскую мову, распаўсюджваць у розных асяроддзях перакананне, што польская мова нам патрэбная, што яна можа прыдасца ў жыцці. Канешне, польская мова, па-першае, патрэбная дзеля таго, каб захаваць нашу нацыянальную ідэнтычнасць, разумець нашы карані, паходжанне, нашых сваякоў з Польшчы, але, па-другое, мова патрэбная, каб зразумець культурны код, тыя рэчы, якія можна назваць і апісаць выключна на польскай мове. І мы імкнемся ўзмацняць сярод палякаў замежжа пачуццё, што польскую мову неабходна ведаць.

На сайце кампаніі адзначаецца, што двухмоўе – гэта ўменне карыстацца паралельна некалькімі мовамі. Не ўсе бацькі ведаюць пра карысць, якую дае двухмоўе, таму нярэдка здараецца, што яны свядома прымаюць рашэнне не вучыць роднай мове сваіх дзяцей (калі пражываюць за мяжой Польшчы), паколькі мяркуюць, што ў выніку дзеці будуць горш ведаць мову краіны пражывання. Гэта няпраўда. Справа ў тым, што апошнія грунтоўныя даследаванні паказалі, што на працягу першых некалькіх гадоў школьнай адукацыі ўзровень валодання мовай краіны пражывання становіцца практычна аднолькавы ў тых дзяцей, для каго дадзеная мова з’яўляецца роднай, і тых, хто пачынаў размаўляць на іншай мове, напрыклад, польскай. Далей эксперты падказваюць, якім чынам лепш за ўсё ўводзіць навучанне польскай мове ў дзяцінстве, каб гэта прынесла як мага больш пазітываў дзіцяці.

Нагадаем, першы выпуск кампаніі #ХТОТЫ прайшоў год таму. Акцыя сустрэлася з вялікімі зацікаўленнем сярод палякаў замежжа. У сацыяльных сетках зафіксавана каля трох мільёнаў паглядаў матэрыялаў, звязаных з кампаніяй.

ІАР ПР/нг