Беларуская Служба

Намесніца старшыні Сейму падтрымала палякаў Беларусі

30.09.2019 15:24
Малгажата Гасеўска падкрэсліла, што Польшча намагаецца весці дыялог з афіцыйнай уладай у Мінску.
Аўдыё
  • Малгажата Гасеўска падкрэсліла, што Польшча намагаецца весці дыялог з афіцыйнай уладай у Мінску.
 ,  ,
Анжэліка Борыс, Артур Міхальскі, Малгажата Гасеўска і Яраслаў КсёнжакПольскае радыё/Уладзімер Пац

На мінулых выходных Беларусь наведала намесніца старшыні Сейму (ніжняй палаты польскага парламенту) Малгажата Гасеўска. Нагодай для візіту польскага палітыка ў Беларусь стала 80-ая гадавіна абароны Гродна ад Чырвонай Арміі, мэта візіту - падтрымка тамтэйшых палякаў.

Намесніца старшыні польскага Сейму прыняла ўдзел у памятных мерапрыемствах, звязаных з абаронай Гродна ад савецкай навалы ў 1939 годзе. Малгажата Гасеўска ўсклала кветкі ля гарадзенскага Катыньска каменю. Потым польскі палітык прыняла ўдзел ва ўрачыстым пачатку навучальнага года ў грамадскай школе Саюзу палякаў у Ваўкавыску.

Малгажата Гасеўска падкрэсліла, што Польшча намагаецца весці дыялог з афіцыйнай уладай у Мінску. Палітык пераконвала, што ў польска-беларускіх адносінах ёсць праблемы, але іх можна вырашыць. Гасейўская запярэчыла ўсім так званым «неаміпэрыялістычныя памкненням Польшчы».

-Мы вельмі зацікаўленыя ў будаўніцтве сяброўскіх, добрасуседскіх адносінаў. Але тут жывуць нашыя суайчыннікі, адпаведна, мы маем пэўныя абавязкі. Звяртаю вашую ўвагу – Польшча не мае ніякіх намераў перасоўваць межы! Мы хочам толькі таго, каб польская меншасць, іншыя нацыянальныя меншасці ў Беларусі мелі магчымасць нармальна развівацца на зямлі, на якой яны жывуць ужо на працягу многіх стагоддзяў.

Візіт польскага ўплывовага палітыка, намесніцы старшыні Сейму Польшчы адбыўся на фоне чарговага скандалу. Афіцыйныя ўлады Беларусі адмовіліся працягваць дазвол на знаходжанне на тэрыторыі краіны двум польскім настаўнікам, якія працуюць у Грамадскай школе імя караля Стэфана Баторыя ў Гродне. Малгажата Гасеўска выказала надзею, што такое рашэнне Мінска не мае сістэмнага характару.

Падчас візіту ў Гродна і ў Ваўкавыску польскаму палітыку спадарожнічалі амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, генеральны консул Польшчы ў Гродна Яраслаў Ксёнжак і старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжэліка Борыс.

Нагадаем, рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўжо на працягу 15 гадоў адмаўляецца рэгістраваць Саюз Палякаў у Беларусі. Яго старшыня Анжэліка Борыс паведаміла, што намесніца старшыні Сейму Малгажата Гасеўска прыбыла ў Беларусь па запрашэнні Саюзу Палякаў.

-У першую чаргу мы звярталі ўвагу спадарыні Гасеўскай на ўмовы працы Саюзу палякаў. Мы, як арганізацыя, якую працяглы час адмаўляюцца рэгістраваць, маем досыць цяжкія ўмовы для працы. Напрыклад, нядаўна ўлады змусілі з’ехаць двух настаўнікам грамадскай школы ў Гродна, яшчэ пара настаўнікаў чакане падобнага рашэння. Нам невядомыя прычыны, чаму яны вырашылі выштурхнуць з Беларусі польскіх настаўнікаў. Пакуль нам невядома, якія крокі прыме польскі бок у справе гэтых настаўнікаў. (...)

Аднак мы вельмі ўдзячныя спадарыні Гасеўскай за яе візіт да нас. Прыезд высокаага рангу польскага палітыка мае вялікае значэнне для супольнасці палякаў Беларусі. (...)

Цягам апошніх некалькіх месяцаў польскія эмісары зачасцілі ў Беларусь. Напрыклад, усяго два тыдні таму міністр нацыянальнай адукацыі Польшчы Дар'юш Пянткоўскі таксама наведаў Беларусь і нават сустрэўся са сваім беларускім калегам, камуністам Ігарам Карпенкам. Візіты працягваюцца, а зменаў у адносінах беларускіх уладаў да польскай меншасці не назіраецца. Спадзяемся, палітыкі ў Варшаве выпрацуюць эфектыўную стратэгію па абароне інтарэсаў сваіх суайчыннікаў у Беларусі.

эж