Беларуская Служба

Палякі чакаюць ад новай улады перш за ўсё паляпшэння сітуацыі ў службе аховы здароўя

14.10.2019 14:57
Становішча на столькі дрэннае, што павышэнне фінансавання будзе недастаткова, паколькі неабходна таксама павысіць колькасць дактароў, медсясцёр ды ўвесці рэарганізацыю.
Ілюстрацыйны здымакPixabay

У нядзелю ў Польшчы адбыліся выбары дэпутатаў парламенту. Усе выданні шмат увагі прысвячаюць вынікам галасавання. Вядома, што, як і падказвалі прагнозы, на выбарах перамагла кіроўная партыя. Dziennik Gazeta Prawna з гэтае нагоды піша, чаго палякі чакаюць ад новай улады.

Паводле апытанняў, самая галоўная задача для кіруючых – паляпшэнне сітуацыі ў ахове здароўя. Выданне нагадвае, што незадоўга да выбараў важнейшыя палітычныя групоўкі заключылі пагадненне ў дадзенай галіне. Становішча на столькі дрэннае, што павышэнне фінансавання будзе недастаткова, паколькі неабходна таксама павысіць колькасць дактароў, медсясцёр ды ўвесці рэарганізацыю службы.

Апытанні паказваюць, што для палякаў самыя важныя сацыяльныя ды эканамічныя пытанні. Прасцей за ўсё ўраду будзе выканаць абяцанне павышэння заработнай платы. Гэта той від эканамічнай палітыкі, якая ў кароткай перспектыве не паніжае даходаў дзяржбюджэту, аднак выклікам для новай улады можа быць эканамічнае падзенне. У 2021 годзе значна ўпадзе колькасць фінансавых сродкаў з Еўрапейскага Звязу для Польшчы, адпаведна, эканамічны рост можа ўпасці да 2,8% ВУП, паралельна могуць паявіцца адмоўныя наступствы павышэння мінімальнай заработнай платы.

У сваю чаргу ў анкетах палякі рэдка ўказвалі на тое, пра што часта кажуць палітыкі партыі «Права і справядлівасць» – унутраную ды вонкавую бяспеку. Гэта сведчыць аб тым, што жыхары Польшчы адчуваюць сябе адносна бяспечна, не бачаць вялікіх пагроз у бліжэйшай будучыні – падсумоўваюць аўтары артыкулу Гжэгаж Асецкі і Томаш Жулцяк.

пераклад нг