Беларуская Служба

Звыш 665 тыс. іншаземцаў зарэгістравана ў польскай базе сацыяльнага страхавання

29.10.2019 14:39
Сярод зарэгістраваных найбольш украінцаў, на другім месцы знаходзяцца беларусы.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Адносіны польскага ўраду да іншаземцаў неадназначныя. З аднаго боку, палітыкі кіроўнай партыі «Права і справядлівасць», у тым ліку яе старшыня Яраслаў Качыньскі, не раз заяўлялі, што Польшча не згодзіцца прымаць мігрантаў з Афрыкі ды Блізкага Ўсходу, дзяржава рашуча адхіліла магчымасць далучыцца да сістэмы абавязковага размеркавання тысяч мігрантаў, якія качуюць у лагерах для ўцекачоў, між іншым, у Італіі ды Грэцыі.

З іншага боку, краіне мігранты вельмі патрэбныя, яны ёй неабходныя, як паветра. Ва ўмовах нізкай дэмаграфіі і высокага эканамічнага росту польская эканоміка не будзе здольная далей развівацца без замежных працоўных рук.

Для эфектыўнай дзейнасці і росту дабрабыту дзяржавы вельмі важна, каб іншаземцы, якія прыязджаюць у Польшчу ў пошуках працы, былі зарэгістраваныя ў польскай сістэме сацыяльнага страхавання. Такой рэгістрацыяй ахопленыя ўжо больш за 665 тыс. іншаземцаў. Гаворыць прэс-сакратар Упраўлення сацыяльнага страхавання (Zakład Ubezpieczeń Społecznych) Войцех Андрусевіч.

- Пад канец верасня ў базе сацыяльнага страхавання ў нашай краіне знаходзілася 665,6 тыс. іншаземцаў, у тым ліку амаль 500 тыс. – гэта грамадзяне Украіны. Другое месца – амаль 40 тыс. – займаюць грамадзяне Беларусі. Пазней ідуць грузіны – каля 10 тыс. чалавек.

У наступнай чарговасці ідуць грамадзяне Малдовы і Расіі. Агулам за некалькі месяцаў – з канца чэрвеня да канца верасня – у базе сістэмы сацыяльнага страхавання паболела іншаземцаў на 20 тысяч. У сваю чаргу на працягу дзевяці месяцаў, з пачатку году да канца верасня, гэтая лічба вырасла на больш чым 100 тысяч, – паведаміў прадстаўнік Упраўлення сацыяльнага страхавання.

- Гэта паказвае, які маштаб легальнага працаўладкавання іншаземцаў у Польшчы. Нас вельмі цешыць, што расце колькасць легальна працаўладкаваных замежнікаў. Большасць гэтых людзей працуе на падставе працоўнага дагавору, гэта і лагічна. Ёсць таксама іншаземцы, якія працуюць на падставе часовых кантрактаў, а невялікая частка засноўвае ўласны, прыватны бізнес. Тым не менш, большасць іншаземцаў працуе ў Польшчы, заключыўшы працоўны дагавор. Яны працуюць, між іншым, у будаўніцтве, а таксама часта іх прымаюць на працу ў якасці персаналу абслугі ў крамах.

На думку экспертаў рынку працы, працоўная іміграцыя ў Польшчы ўжо ў вялікай ступені стабілізаваная. Наймальнікі не могуць разлічваць на чарговыя вялікія хвалі міграцыі, скажам, з Украіны, у прыватнасці, з-за таго, што ва Украіне эканамічная сітуацыя пакрысе паляпшаецца, і ўсё менш людзей думае пра выезд за мяжу ў пошуках працы. У сваю чаргу, у Польшчы імігранты пачынаюць шукаюць стабільнага працаўладкавання, каб адчуваць сябе паўнапраўнымі працаўнікамі, а не нелегальнымі гастарбайтарамі. Замежнікі разумеюць, на колькі важнае легальнае працаўладкаванне, каб мець страхоўку на выпадак нешчаслівага здарэння, хваробы, нараджэння дзіцяці, а таксама плаціць пенсійныя ўзносы. Працягвае Войцех Андрусевіч.

- У Польшчы нараджаецца ўсё больш дзяцей іншаземцаў, якія ахопленыя сістэмай сацыяльнага страхавання. Кожны год Упраўленне сацыяльнага страхавання выплачвае ад 200 да 300 мільёнаў злотых розных грашовых дапамог. Гэта, між іншым, дапамога па факту нараджэння дзіцяці. Трэба адзначыць, што іншаземцы плацяць больш узносаў, чым атрымліваюць назад грошай у выглядзе сацыяльнай дапамогі. Гэтая розніца складае каля 100 млн. у год – на столькі больш узносаў плацяць грамадзяне іншых дзяржаў у Польшчы, чым атрымліваюць сродкаў з нашай сістэмы сацыяльнага страхавання.

У Польшчы даволі складаная працэдура атрымання права легальнага працаўладкавання і жыхарства. Іншыя краіны спаборнічаюць з Польшчай за замежных працаўнікоў з краін Усходняй Еўропы. У будучым годзе ім прасцей будзе ўладкавацца на працу, напрыклад, у Германіі. На думку экспертаў, без спрашчэння працэдуры прымання на працу іншаземцаў немагчыма прыцягнуць больш замежных працаўнікоў. Як можа быць спрошчаная сістэма? Між іншым, дзякуючы падаўжэнню тэрміну дазволу на працу з цяперашніх паловы году да аднаго году.

Кожны іншаземец, каторы легальна працуе і пражывае ў Польшчы, мае права атрымліваць усе віды сацыяльнай дапамогі, у тым ліку грашовую дапамогу на дзяцей у рамках праграмы «Сям’я 500+».

ІАР ПР/нг