Беларуская Служба

Кухня: запечаная ў солі рыба

13.11.2019 14:44
Так прыгатаваная рыба шыкоўна выглядае на любым стале.
Аўдыё
  • Для прыгатавання стравы можна выкарыстаць любую рыбу – прэснаводную або марскую
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstockphoto3/Shutterstock


Прапаную ў сённяшняе кулінарнае падарожжа адправіцца ў Бохню, горад, які знаходзіцца ў 35 км ад Кракава. Чаму? Таму што гэта не толькі маляўнічае мястэчка: у Бохні ёсць яшчэ і нешта вельмі важнае з кулінарнага пункту гледжання. Гэта – соль. Там знаходзіцца найстарэйшая ў Еўропе капальня солі «Бохня», якая бесперапынна дзейнічала з 1248 па 1990 год. А якое ж гатаванне без солі?

Народзіны капальні ў Бохні датуюцца 1248 годам. Некаторыя нават сцвярджаюць, што гэта найстарэйшая бесперапынна дзейсная капальня солі ў Еўропе. Пэўна адно: Бохня на 50 гадоў апярэджвае больш вядомую сярод турыстаў Вялічку ў распрацоўцы радовішча каменнае солі. У гэтым месцы соль даўно не здабываюць, але ўсё яшчэ бачныя яе цудоўныя прожылкі.

Калі мы ўжо з вамі выбраліся ў падарожжа да Бохні, то прапаную вельмі простае, але адначасова эфектнае блюда. Гэта рыба, запечаная ў солі. Так прыгатаваная рыба шыкоўна выглядае на любым стале.
Дарагія радыёслухачы! Варта памятаць вельмі важную рэч: у кухні соль солі няроўная, таму найлепш выкарыстоўваць буйназярністую соль ды ўсыпаць у млынкі. Такая соль мае лепшы ды больш высакародны смак, чым белая, дробная соль.

Для прыгатавання стравы можна выкарыстаць любую рыбу – прэснаводную або марскую. Вельмі важна, каб яна была выпатрашаная, ачышчаная ад лускі, ды абавязкова з галавой. Увага: гэта ня можа быць філе!
І так, солі нам спатрэбіцца каля паўтара кілаграма на кілаграм рыбы. Перад гэтым усярэдзіну рыбы дадамо свежы размарын, туды ж павандруе крыху лімону: невялікі скрылік лімону, перарэзаны на палову. Канешне ж, можна дадаць спецыі, якія вы найбольш любіце. Вельмі падыходзяць таксама свежыя зёлкі.

Цяпер трэба пастарацца вельмі старанна зашпіліць гэтую рыбіну. Прычым гэта трэба так зрабіць, каб вялізная колькасць солі, якую праз момант будзем выкарыстоўваць, не трапіла ўнутр рыбы. Рыбу трэба зашпіліць зубачысткамі або палачкамі для шашлыкоў, вельмі дакладна. Трэба адзначыць, што зашпіліць яе нашмат прасцей чым зашываць.

Цяпер самая важная рэч. Трэба ўзяць брытфан ці нейкую форму, якую можна пакласці ў духоўку, але спярша шчодра насыпаць у яе соллю. Не шкадуйце солі!

Яна, на шчасце, даўно ўжо не такая дарагая, як у Сярэднявеччы. Кажуць, што ў часы Казіміра Вялікага 100 кілаграмаў солі каштавала як дзве вёскі. Цяпер за столькі солі можна хіба скрынку піва купіць.

У форму для запякання кладзем шмат солі. Яе трэба ўтрамбаваць, а таксама трэба крыху намачыць. Найлепш пры дапамозе прыстасавання, якое раўнамерна размяркуе ваду. Увага: памятайце, каб рабіць гэта далікатна і не надта моцна, соль не павінна распусціцца. Калі, напрыклад, вы хочаце больш арыгінальнасці, то замест вады можна выкарыстаць белае віно. Дарэчы, да так прыгатаванай рыбы вельмі пасуе кілішак белага віна
Кладзем рыбу на праслойцы солі ды вельмі дакладна з усіх бакоў пакрываем яе таксама соллю. Потым верхні слой солі гэтак жа трэба намачыць. Рыба павінна быць дакладна цалкам пакрытая соллю.
Ставім духоўку на 200 градусаў Цэльсія. Паўгадзіны будзе дастаткова, калі маем адну сярэднюю рыбку, і каля 30 хвілін, калі рыба большая.

Як праверыць, ці рыба гатовая? Проста соль павінна стварыць шкарлупіну і цалкам скамянець.

Дарэчы, шкарлупіна пасля запякання настолькі моцная, што можна ўжыць нават малаток ці нешта моцнае, але нельга ўжываць грубую фізічную сілу, каб не пашкодзіць рыбу. Яе трэба ачысціць ад солі. На шчасце, гэта не складана.

Прыгатаваная гэткім чынам рыба зусім не салёная. Яна мяккая і надзвычай сакавітая. Што можа быць прасцей! Смачна есці!

Кацярына Адамская

слухайце аўдыёфайл – размова пастаяннага госця студыі Кацярыны Адамскай і Валеры Саўко


Больш на гэтую тэму: Лыжка і відэлец