Беларуская Служба

Акупацыя ці ўз’яднанне: восень 1939 года для Беларусі

17.11.2019 17:07
Менавіта гэтай праблематыцы была прысвечана канферэнцыя пад назвай «Падзелены/абя’днаны Край: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года», якую правёў Цэнтр беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэту.
Аўдыё
  • На сімпозіум сабралася прыкладна два дзясяткі навукоўцаў з акадэмічных пляцовак трох краінаў: Польшчы, Беларусі ды Расіі.
.
.Autor: SEW UW

У Варшаўскім універсітэце зладзілі міжнародную навуковую канферэнцыю, прысвечаную падзеям верасня 1939 года і пазнейшаму далучэнню Заходняй Беларусі да Беларусі Савецкай.

Менавіта гэтай праблематыцы была прысвечана канферэнцыя пад назвай «Падзелены/абя’днаны Край: Беларусь і Польшча ў верасні 1939 года», якую правёў Цэнтр беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэту. На сімпозіум сабралася прыкладна два дзясяткі навукоўцаў з акадэмічных пляцовак трох краінаў: Польшчы, Беларусі ды Расіі.

Кіраўнік Цэнтру беларускіх студыяў Варшаўскага ўніверсітэту прафесар Алесь Краўцэвіч патлумачыў чаму маюць служыць падобныя сустрэчы:

-Наша навуковая канферэнцыя праводзіцца ў прывязцы да памятнай, важнай даты ў гісторыі Беларусі. Адна з галоўных мэтаў нашае канферэнцыі – гэта збліжэнне беларускага і польскага пункту гледжання на падзеі 1939 года. Вельмі добра, што ў Варшаўскім універсітэце існуе група беларускіх даследчыкаў, якая можа ўздымаць гэтыя праблемы і вызначаць, акрэсліваць пазіцыю беларускай гістарычнай навукі. Ужо калі пазіцыі будуць дакладна абазначаныя (польскі бок ужо даўно акрэсліў сваю) тады можна гаварыць пра іх збліжэнне. (...)

Падчас канферэнцыі ў Варшаўскім універсітэце адбыўся круглы стол на якім навукоўцы паспрабавалі адказаць на вельмі складанае пытанне: восень 1939 года – гэта ўз’яднанне народа ці акупацыя часткі іншай краіны. Сваім бачаннем па гэтым пытанні падзяляўся прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Францішка Скарыны Рыгор Лазько:

-Адначасова і акупацыя, і ўз’яднання. Безумоўна гэта была акупацыя часткі тэрыторыі даваеннай польскай дзяржавы, але разам з тым беларускі народ аб’яднаўся. Атрымоўваецца такая дыялектыка. Відаць, гісторыя не знайшла іншага рашэння праблемы аб’яднання беларускага народа. Мне падаецца, ісці да да агульнай ацэнкі тых падзеяў складана і доўга. Тым не менш, мы ідзем гэтым шляхам. Думаю, нават незалежна ад таго, якую гістарычную палітыку праводзіць сёння дзяржава, мы прыйдзем да збліжэння пазіцый па гэтым пытанні. Сённяшняя канферэнцыя гэтаму безумоўна спрыяе. (...)

Падчас выступаў дакладчыкаў закраналіся розныя аспекты далучэння Заходняй Беларусі да БССР. У прыватнасці, выкладчык Варшаўскага ўніверсітэту Сяргей Токць звярнуў увагу на пэўнае замоўчванне некаторых гістарычных фактаў:

-Трэба прызнаць, што значнае частка нашых даследчыкаў ігнаруе той факт, што савецкая ўлада адкрыла для мясцовай моладзі значныя магчымасці сацыяльнага росту і гэта было вельмі важна. Вядома, нельга забываць пра жахлівыя моманты гісторыі, звязаныя з прыходам савецкай улады: масавыя рэпрэсіі, калектывізацыя і г. д. Адначасова з рэпрэсіямі для адукаванай моладзі Заходняй Беларусі, з прыходам савецкай улады, адкрыліся магчымасці сацыяльнага авансу. У сувязі з гэтым, частка насельніцтва і падчас вайны, і ў пасляваенны перыяд працягвала падтрымліваць савецкую ўладу. Як бачым, сацыяльны ліфт працаваў і савецкая ўлада выкарыстоўвала гэта ў сваіх мэтах.

Асаблівасці палітычнага рэжыму ў Беларусі вымусілі навукоўцаў падчас дыскусіі закрануць тэму гістарычнай палітыкі краіны і месца ў ёй падзеяў 1939 года. Пра асаблівасці цяперашняй гістарычнай палітыкі Беларусі распавёў прафесар Алесь Смалянчук.

Уваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР прынесла краіне яе геаграфічны кшталт, упершыню ў гісторыі беларускі народ уз’яднаўся ў межах адной няхай і савецкай дзяржавы. Аднак, гэта адбылося цаною вялікага цярпення звычайных людзей. Канферэнцыя Варшаўскага ўніверсітэту «Падзелены/аб’яднаны край: Беларусь і Польшча ў Верасні 1939» адназначна паспрыяла пошуку грамадскага і гістарычнага кансэнсусу па гэтым балючым пытанні.

Слухайце аўдыё!

Эдуард Жолуд