Беларуская Служба

Украінскае грамадства павінна ведаць праўду

21.11.2019 15:45
Ва Украіне адзначаецца 6 гадавіна Рэвалюцыі годнасці 2013-га года.
Аўдыё
  • Украіна адзначае гадавіну пачатку Рэвалюцыі Годнасці 2013 года
     2014-
Мемарыял палеглым на Майдане ў 2014-м годзеEPA/SERGEY DOLZHENKO Dostawca: PAP/EPA

Украінскія ўлады абяцаюць грамадству адкрыць праўду пра трагічныя падзеі, што адбыліся тады на кіеўскім Майдане, і стварыць музей, прысвечаны тым падзеям.

Дзень годнасці ды свабоды адзначаецца ва Украіне кожны год 21 лістапада, згодна з указам прэзідэнта краіны ад 13 лістапада 2014 года. Гэты дзень усталяваны ў гонар пачатку двух рэвалюцый, што адбыліся ва Украіне: Памаранчавай 2004-га года і Рэвалюцыі годнасці 2013-га года.

Рэвалюцыя годнасці пачалася 6 год таму пратэстамі на Майдане супраць непадпісання ўкраінскім прэзідэнтам Віктарам Януковічам дамовы аб Асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам.

Невялікая студэнцкая дэманстрацыя на кіеўскім Майдане Незалежнасці перарасла ў шматтысячны і шматдзённы пратэст. У змаганнях за свабоду і годнасць з уладамі загінула больш за 100 чалавек. Яны былі расстраляныя на вуліцах Кіева 18 лютага 2014-га года снайперамі.

21 лютага тагачасны прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч уцёк з Кіева, а 23-га лютага абавязкі прэзідэнта былі ўскладзены на старшыню Вярхоўнай рады Аляксандра Турчынава. Майдан перамог.

У 6 гадавіну тых падзей у сталіцы Украіны прайшлі сёння ўрачыстыя памятныя ды мастацкія мерапрыемствы. Больш падрабязна распавядае карэспандэнт Польскага радыё Павал Бушка.

21 лістапада ва Украіне афіцыйна адзначаецца Дзень свабоды і годнасці. Удзельнікі пратэстаў шасцігадовай даўніны ды жадаючыя ўшанаваць памяць палеглых дэманстрантаў сабраліся сёння на Майдане Незалежнасці. У Алеі Нябеснай сотні людзі ўскладваюць кветкі й запальваюць знічы пад партрэтамі больш за 100 загінулых дэманстрантаў. Раніцай адбылася экуменічная малітва.

Прэзідэнт Украіны ўшанаваў сёння памяць герояў Майдану. Уладзімір Зяленскі заявіў, што павінен з’явіцца Музей Рэвалюцыі годнасці, каб украінцы ведалі праўда пра тыя падзеі.

Гэта вельмі важна. Аднак дзеля захавання памяці кожнага загінулага музею недастаткова. Нам патрэбныя рэальныя вынікі расследавання справаў Майдану, сем’і палеглых ды ўсё грамадства павінны абавязкова атрымаць адказы пра вайну, а вінаватыя атрымаць пакаранне. Гістарычна ў складаныя моманты ўкраінцы заўсёды дэманструюць неверагодную злучнасць ды еднасць. Стаяць адзін за аднаго незалежна да ўзросту, полу, мовы ды веры. Сёння як ніколі мы патрабуем такое ж адзінства дзеля абароны краіны, нашай незалежнасці, нашай свабоды і права самастойна выбіраць нашу будучыню.

Шэсць гадоў пасля Майдану ўкраінскае грамадства ня мае ўсіх адказаў на пытанне, што тады адбылося. Дагэтуль не раскрытая справа снайпераў, якія стралялі па людзях, не вядома хто яны і хто аддаў загад. Напярэдадні шостай гадавіны Еўрамайдана сем’і палеглых герояў Нябеснай сотні сабраліся ля офісу прэзідэнта Украіны з патрабаваннем не дапусціць завяршэння расследавання спраў, звязаных з трагічнымі падзеямі зімы 2014 года.

Разам з тым, паводле сацыялагічных апытанняў, палова ўкраінскага грамадства ня хоча цяпер новага майдану. Пра гэта ж казаў Віталій Портнікаў на хвалях Радыё «Свабода».

Пасля Майдана 2013-14 гадоў я неаднаразова казаў, што гэта апошні Майдан. На маю думку, асноўныя пытанні, якія стаялі перад украінскімі паўстаннямі: украінскай дзяржаўнасці, фармавання ўкраінскай палітычнай нацыі, абароны суверэнітэту, – ужо вырашаны Майданам. Хутчэй за ўсё, гэта было апошняе паўстанне ва ўкраінскай гісторыі, далей дзяржаўнасць будзе развівацца ў іншым выглядзе. Будуць пратэсты, забастоўкі, нязгода з уладай, але не ў такіх драматычных формах.

У красавіку 2019-га года Нацыянальны музей Рэвалюцыі Годнасці прадставіў вынікі апытання ўкраінцаў. 49% заявілі пра тое, што Еўрамайдан быў барацьбой за іх правы, 70% зазначылі, што не гатовыя цяпер выйсці зноў пратэставаць. Украінцы разлічваюць на мірны працэс рэфармавання ды развіцця дзяржавы цяпер.

Юры Ліхтаровіч