Беларуская Служба

Паводле прагнозаў, сёлета на польскіх дарогах загіне звыш 3 тыс. чалавек

21.11.2019 13:47
Эксперты спадзяюцца, што дзякуючы заяве прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага нешта зменіцца.
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjneDmitry Kalinovsky/ Shutterstock

Урад урэшце заўважыў праблему дарожнага руху ў Польшчы – піша Dziennik Gazeta Prawna. Гаворка ідзе пра рост колькасці загінулых у выніку дарожна-транспартных здарэнняў. Эксперты спадзяюцца, што дзякуючы заяве прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага нешта зменіцца.

Маравецкі згадаў у сваёй праграмнай прамове, што неабходна ўвесці новыя меры бяспекі для пешаходаў, напрыклад, першынства іх перад аўтамабілямі на пешаходным пераходзе, нават калі пешаход яшчэ не ўвайшоў на пераход. Маравецкі абяцаў таксама жорстка змагацца з п’янымі кіроўцамі, паляпшаць дарожную інфраструктуру, упусціць на палосы для аўтобусаў таксама прыватныя машыны, у якіх едзе чатыры і больш чалавек.

На думку спецыяліста па пытаннях бяспекі дарожнага руху Лукаша Збаральскага, у міністэрскіх шафах даўно ляжаць гатовыя дакументы, якія павінны палепшыць бяспеку. Пасля заявы прэм’ер-мністра гэтыя ідэі, магчыма, у канцы канцоў удасца ажыццявіць.

Больш скептычна настроены эксперт з таварыства «Горад наш» Куба Чайкоўскі. Ён адзначае, што ў прамове прэм’ер-міністра не было сказана ні слова пра больш суровае каранне ліхачэй, якія ездзяць з празмернай хуткасцю. На думку Чайкоўскага, неабходна значна павысіць штрафы за такое правапарушэнне. Прычынай 36% смяротных выпадкаў з’яўляецца менавіта празмерная хуткасць. Затое прэм’ер згадаў пра п’яных кіроўцаў, якія выклікаюць толькі 5% ДТЗ.

Колькасць ДТЗ са смяротным вынікам на працягу апошніх гадоў расце. Калі ў мінулым годзе на польскіх дарогах загінула 2862 асобы, то ў гэтым, паводле прагнозаў, будзе звыш трох тысяч забітых. На думку дырэктара Інстытуту аўтамабільнага транспарту прафесара Марціна Сьлезака, неабходна павялічыць кампетэнцыю і фінансавыя магчымасці адпаведных устаноў, якія займаюцца пытаннямі бяспекі дарожнага руху.

Кшыштаф Сьметана/Томаш Жулцяк/нг