Беларуская Служба

Як у Польшчы вырабляюць аднаразовы посуд з пшанічнага вотруб’я

28.11.2019 15:58
З 1 тоны вотруб’я можна зрабіць 10 тысяч адзінак аднаразовага посуду, які раскладаецца на працягу 30 дзён.
     Biotrem
Посуд з пшанічнага вотруб'я кампаніі Biotremhttp://biotrem.pl/pl/

У нядаўна праведзеным прома-конкурсе Польскага радыё «Люблю, бо польскае» у катэгорыі «Польскі экалагічны прадукт» лаўрэатам стала фірма Biotrem з горада Замбраў на Падляшшы. Яна выпускае аднаразовы посуд з пшанічнага вотруб’я.

Гісторыя біядэградавальнага посуду пачалася 20 гадоў таму. Ежы Высоцкі, млынар ад пакаленняў, задумаўся, што можна зрабіць з вотруб’ем, якое было адкідам падчас вытворчасці мукі.

Успамінае Дыяна Ціхы з кампаніі Biotrem.

- Высоцкі зрабіў выснову, што пабочны прадукт можна склеіць у адпаведнай тэмпературы і пад адпаведным ціскам. І гэтак ён прыдумаў біядэградавальныя талеркі з пшанічнага вотруб'я. Высоцкі запатэнтаваў сваю вынаходку ўжо 20 гадоў таму, але тады рынак яшчэ не быў гатовы прыняць гэты тавар. Цяпер настаў ідэальны час, каб людзі карысталіся гэтымі талеркамі.

З 1 тоны вотруб’я можна зрабіць 10 тысяч штук аднаразовага посуду, які раскладаецца на працягу 30 дзён. Для параўнання: папера раскладаецца на працягу 6 месяцаў, а пластмаса – сотні гадоў. Сёння, калі настаў трэнд адмаўляцца ад пластмасавых сталовых прыбораў, біядэградавальны посуд стаў хітом. А яго вытворчасць пастаянна расце.

- Сёння мы вырабляем 15 млн адзінак за год, і я думаю, што ў наступным годзе мы падвоім аб’ёмы вытворчасці. Гэта малыя дэсертныя талеркі, вялікія талеркі для другой стравы і яшчэ большыя для піцы, а таксама міска і паўмісак, лыжкі, нажы і відэльцы.

Сталовыя прыборы з вотруб’я заваёўваюць не толькі польскі рынак, але і сусветны, бо больш за палову аб’ёмаў вытворчасці Biotrem пастаўляецца за мяжу.

Адзначым таксама, што даследчыкі Лодзінскага політэхнічнага універсітэту з бульбянога і кукурузнага крухмалу зрабілі тканіну, з якой можна шыць сумкі.

Настаў ідэальны час для біядэградавальных матэрыялаў, тым больш, што з 2021 году Еўрапейскі Звяз уводзіць поўную забарону на аднаразовыя рэчы. Польшча мае шанц стаць лідарам сярод вытворцаў біядэградавальных матэрыялаў.

яс/ПР3/Сыльвя Задрожна

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка