Беларуская Служба

У Беларускім доме ў Варшаве прайшла сустрэча з аўтарамі рэпартажаў пра Беларусь

29.11.2019 13:19
Кніга – гэта вынік праекту польскіх, нямецкіх і беларускіх журналістаў маладога пакалення.
Аўдыё
  • "Айчына добрай якасці" - зборнік рэпартажаў пра Беларусь
   -
"Айчына добрай якасці" - зборнік рэпартажаў пра Беларусьфота: Н. Грышкевіч/БСПР

У Беларускім доме ў Варшаве прайшла сустрэча з аўтарамі тэкстаў пра Беларусь, якія ўвайшлі ў зборнік рэпартажаў пад загалоўкам «Айчына добрай якасці».


У Беларускім доме прэзентавалі кнігу "Айчына добрай якасці" У Беларускім доме прэзентавалі кнігу "Айчына добрай якасці"

Кніга напісаная групай польскіх і нямецкіх рэпарцёраў пры дапамозе журналістаў з Беларусі, дзякуючы праекту асацыяцыі «Рэкалектыў» (Rekolektyw). Пра тое, як нарадзілася ідэя запісаць рэпартажы пра Беларусь, расказвае Агнешка Вуйціньска (Agnieszka Wójcińska) з асацыяцыі, аўтарка аднаго з тэкстаў і ініцыятарка праекту.

- «Рэкалектыў» гуртуе восем чалавек, рэпарцёраў, мы рыхтуем сумесныя праекты. Падчас адной з сустрэч мы размаўлялі пра Беларусь, і ўсё былі згодныя, што мы вельмі мала ведаем пра нашу блізкую суседку. Пра Украіну ведаем больш дзякуючы аранжавай рэвалюцыі, пасля якой выйшла шмат кніг, былі знятыя фільмы, Расія – гэта тэма, а калі гаворка ідзе пра Беларусь, паяўляецца звычайна толькі некалькі асацыяцый – Лукашэнка, апошняя дыктатура Еўропы, выдатныя дарогі і амаль стэрыльная чысціня. А Беларусь жа значна больш багатая і разнастайная. Дарэчы, мяне агулам цікавіць усход, я займалася Украінай, Расіяй. На маю думку, наша кніга паказвае розныя пласты грамадскага жыцця беларусаў. Я хачу прывесці цытату аднаго з тэкстаў у выданні – аўтарства Зімавіта Шчэрэка (Ziemowit Szczerek), які параўноўвае Беларусь з міфічнай краінай Бардурыяй. Ён піша, што жыццё ў Беларусі нагадвае камп'ютарную гульню. Калі гулец трымаецца правілаў, чалавеку жывецца выгадна, ён ходзіць па чыстых вуліцах, адчувае сябе бяспечна, дзяржава эфектыўна дзейнічае.

Аднак дастаткова выйсці крыху паза рамкі гульні, і чалавек трапляе ў зусім іншую абстаноўку, калі кожны міліцыянер можа зрабіць з ім усё, што заўгодна, звязаць і кінуць князю пад ногі. Застаецца толькі спадзявацца, што добры князь акажа сваю літасць – так заканчваецца адзін з рэпартажаў пра Беларусь, аб якім расказвала Агнешка Вуйціньска.

Польская беларуска Катажына Пекарска (Katarzyna Piekarska) адзначае, што яна доўга чакала выхаду ў Польшчы такой кнігі – дзе палітыка і Лукашэнка не былі б на першым месцы, а аўтары засяродзілі ўвагу на грамадскіх праблемах жыхароў краіны.

- Я з усходу Польшчы, з Беластоку, расла ў беларускім асяроддзі, таму для мяне гэтая кніжка вельмі важная. Яна паказвае тую Беларусь, якую я ведаю – людскую, а не палітычную. Я ў вялікім захапленні, што кніжка напісана, што сабралася група палякаў, беларусаў і немцаў, якія з’ездзілі ў Беларусь і далі ёй шанец паказаць сябе як краіну, а не як палітыку аднаго чалавека. На маю думку, не адна мама будзе мець слёзы ў вачах, калі прачытае рэпартаж пра маці падлеткаў, якія трапілі ў турму за наркотыкі. Гэта праблемы, блізкія мамам на ўсім свеце. У кожным з гэтых рэпартажаў можна знайсці праўду, якая будзе праўдай не толькі для беларусаў, але таксама для палякаў, немцаў ці жыхароў іншых краін свету.

Пра перакос на карысць беларускай палітыкі, а не грамадскага жыцця, казала таксама Кая Пута (Kaja Puto), якая прысвяціла свой рэпартаж іншаземцам у Беларусі. Яна падкрэслівае, што аўтары хацелі выйсці за рамкі стэрэатыпаў пра Беларусь і за рамкі палітыкі, а яна галоўным чынам паяўляецца ў тэматыцы артыкулаў у польскіх СМІ, калі гаворка ідзе пра Беларусь.

- Канешне, палітыка ў Беларусі таксама важная і ўплывае на жыхароў, але мы хацелі засяродзіць увагу на штодзённым жыцці нашых суседзяў. Палякі рэдка ездзяць у Беларусь, цяпер гэта пакрысе мяняецца дзякуючы частковай адмене візавага рэжыму. Аднак мы ўсё яшчэ мала ведаем пра надзённыя клопаты беларусаў. Наша кніга ахоплівае самыя розныя грамадскія тэмы – ёсць крыху гісторыі, сітуацыя жыхароў Заходняй Беларусі пасля вайны, ёсць тэкст пра так званых нячэсных журналістаў у краіне, якія працуюць для незалежных СМІ. Ёсць рэпартаж Касі Брэйва (Katarzyna Brejwo) пра мацярок вельмі маладых людзей, якія былі прысуджаныя да шматгадовага турэмнага зняволення за вельмі невялікую колькасць наркотыкаў. Такія ў Беларусі законы, а законы прымаюць палітыкі, дарэчы, у большасці дзяржаў можна трапіць у турму за наркотыкі. Тым не менш, аўтары засяроджваюць увагу на эмоцыях і перажываннях людзей, закранутых такой бядой, прадстаўляюць іх пункт гледжання.

У склад зборніка рэпартажаў пад загалоўкам «Айчына добрай якасці» увайшло адзінаццаць тэкстаў розных аўтараў. Кніга – гэта вынік праекту польскіх, нямецкіх і беларускіх журналістаў маладога пакалення. Падарожжа ў Беларусь, дзе аўтары маглі сустрэцца са сваймі героямі і сабраць інфармацыю, фінансавала Фундацыя польска-нямецкай супрацы, а выдала зборнік польскае выдавецтва «Czarne».

нг