Беларуская Служба

У Польшчы пражывае каля 4,7 млн. людзей з абмежаванымі магчымасцямі

03.12.2019 15:00
Ім значна цяжэй, чым здаровым людзям, знайсці працу, вучыцца, весці адносна нармальнае жыццё.
Аўдыё
(zdj. ilustracyjne)
(zdj. ilustracyjne)Shuttersock.com/dom. publiczna/Prazis Images

У кожнай краіне ёсць людзі з абмежаванымі магчымасцямі. У Беларусі такіх асоб – звыш 6% ад усіх жыхароў дзяржавы, у Польшчы статыстычнае ўпраўленне называе яшчэ большую лічбу – каля 12% ад усяго насельніцтва. Гэта вялізная «армія» людзей – больш за 4,7 мільёна чалавек. Аднак інвалідаў мы бачым нячаста, асабліва тых, у каго сур’ёзная інваліднасць. Ім значна цяжэй, чым здаровым людзям, знайсці працу, вучыцца, весці адносна нармальнае жыццё.

3 снежня, у Міжнародны дзень інвалідаў, польскія ўлады нагадваюць, якія захады яны робяць дзеля паляпшэння долі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Па словах міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлены Малёнг (Marlena Maląg), дзейнасць польскага ўраду ў гэтым абшары мае тры асноўныя вектары:

- Падтрымка асоб з інваліднасцю ў праграмах, якія павінны быць комплекснымі і доўгатэрміновымі. Палітыка ўраду ў дадзеным абшары павінна быць менавіта доўгатэрміновай. Калі гаворка ідзе пра фінансавую дапамогу для асоб з абмежаванымі магчымасцямі, то гэтая дапамога кожны год індэксуецца. Важныя таксама паслугі, накіраваныя да гэтай групы насельніцтва. Гэта паслугі як з боку розных устаноў, так і даступнасць адмысловых заняткаў для інвалідаў у цэнтрах прафесійнай актыўнасці.

Адным з элементаў дапамогі асобам з інваліднасцю ды іх блізкім з’яўляецца гэтак званы Салідарны фонд падтрымкі. Менавіта ў рамках фонду нядаўна была ўведзеная дапамога для асоб, якія штодзённа апякуюцца сваймі блізкімі з абмежаванымі магчымасцямі. Дзякуючы фонду такія апекуны могуць адпачыць, заняцца цягам кароткага часу выключна ўласнымі справамі. Міністр звярнула таксама ўвагу на комплексную падтрымку прафесійнай і грамадскай рэабілітацыі інвалідаў.

- Мы накіравалі сур’ёзную грашовую плынь на заняткі прафесійнай рэабілітацыі і ў цэнтры прафесійнай актыўнасці. На працягу многіх гадоў гэтыя сродкі не раслі, заставаліся на аднолькавым узроўні. А спецыялісты ды самі інваліды ведаюць, наколькі важныя майстар-класы для такіх асоб. Яны, дзякуючы гэтаму, могуць сустрэцца з іншымі людзьмі, развіваць свае здольнасці і паказаць, якая сіла дрэмле ў асобах з абмежаванымі магчымасцямі.

У Польшчы дзейнічаюць таксама дзяржаўныя праграмы: «За жыццё», у рамках якой асобы з інваліднасцю могуць атрымаць жыллё, і праграма фінансавай дапамогі для людзей, якія не могуць самастойна сябе ўтрымліваць.

- Больш за 600 тыс. заяваў было ўнесена, ужо выплачваецца дапамога. Амаль 300 тыс. адзінкавых дапамог было ўжо выплачана. Нельга таксама забываць пра індэксацыю пенсіі для інвалідаў на набыццё неабходных санітарных рэчаў. Гэтая дапамога залежыць ад мінімальнай зарплаты, таму яна расце разам з ростам «мінімалкі». Цяпер гэтая пенсія складае 1584 злотыя, а ў наступным годзе яна павялічыцца.

З нагоды Міжнароднага дня інвалідаў, сёння ў польскім Сейме – ніжэйшай палаце парламенту – адкрытая выстава пад назваю «Падарожжы маёй мары». На экспазіцыі выстаўленыя работы, якія атрымалі прэміі ў рамках сёлетняга мастацкага конкурсу «Мастацтва асоб з інваліднасцю». Аўтары прац – гэта людзі, якія ўдзельнічаюць у занятках для інвалідаў і жыхары дамоў сацыяльнай апекі.

Аўтарам адной з прац, выстаўленых у Сейме, з’яўляецца Дамінік Шафран з гораду Лідзбарк Варміньскі. Яго скульптура называецца «Мая лодка – мой дом».

- Гэта мая праца. Яна зробленая з дошкі, кары. На лодцы знаходзяцца: домік, мачта, ветразь, вёслы, пасцель, вопратка. Калі ў мяне ёсць час, то я гэтым займаюся.

На выставе прадстаўленая таксама праца Марыянны Паўлоўскай з Дому самадапамогі «Адны свае» (Sami swoi) у Лодзі.

- Гэта падарожжа на слане. Я еду на слане. Я хацела б так падарожнічаць – на слане ў Афрыцы. Гэтая мая мара.

Выставу адкрылі спікер Сейму Эльжбета Вітэк, міністр сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Марлена Малёнг і старшыня Дзяржаўнага фонду асоб з інваліднасцю Кшыштаф Міхалкевіч.

У мінулым годзе з грамадскіх сродкаў польскай дзяржавы было прызначана на дапамогу асобам з інваліднасцю звыш 20 млрд. злотых (больш за 5 млрд. долараў ЗША).

ІАР ПР/нг