Беларуская Служба

СМС-паведамленню споўнілася 27 гадоў

06.12.2019 18:32
Найбольш СМСаў было выслана ў 2010 годзе: глабальна карыстальнікі адправілі ажно 6 квадрыльёнаў кароткіх паведамленняў.
Аўдыё
  • Першае паведамленне мела святочны калядны характар, яго змест гучаў Merry Christmas
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Большасць сучасных людзей без гэтай паслугі не ўяўляюць сабе жыцця. Гаворка ідзе пра СМС, які амаль кожны з нас у дзень адпраўляе прынамсі некалькі. Здавалася, што гэтая паслуга з намі ўжо даўно – гэтак мы да яе прызвычаіліся. А гэта няпраўда: СМСу споўнілася ўсяго толькі 27 гадоў.

Нягледзячы на немалую канкурэнцыю з боку рознага роду прыкладанняў-месенджэраў, традыцыйны СМС трымаецца добра, хоць першае паведамленне было высланае 3 снежня 1992 года. Увогуле, цікава, ці нехта задаваўся пытаннем, чаму паведамленне называецца СМС? Гэта абрэвіятура з англійскай мовы: SMS – short message service – служба кароткіх паведамленняў.

Пра першы СМС расказвае спецыяліст па пытаннях тэлекамунікацыі Аляксандр Січак.

- Першае паведамленне мела святочны калядны характар, яго змест гучаў Merry Christmas. Першы СМС выслаў брытанец Ніл Папўорт тагачаснаму гендырэктару тэлекамунікацыйнай кампаніі Vodafone Рычарду Джэрвісу. Цікава тое, што СМС быў высланы не з тэлефону, а з камп’ютара таму, што тады ў мабільных тэлефонаў не было кнопак. Першыя кнопкавыя апараты з’явіліся праз год, у 1993 годзе, і гэта былі апараты фірмы Nokia. Дарэчы, першыя СМСы былі бясплатныя ў рамках адной сеткі, а першымі паслугу па высыланні СМСаў увялі кампаніі ў Вялікабрытаніі і Фінляндыі.

З самага пачатку СМС меў 160 знакаў. Атрымалася гэта амаль выпадкова. Нямецкі інжынер Фрыдгельм Хілебранд прааналізаваў паштоўкі на Раство, і аказалася, што ў сярэднім паштоўка ўтрымлівае 160 знакаў. Такі стандарт быў прыняты для СМСаў.

Дарэчы, сёння СМС таксама мае не больш чым 160 знакаў, аднак нашыя смартфоны высылаюць паведамленне, разбіўшы яго на часткі. У сваю чаргу іншы смартфон прымае СМС таксама ў частках і, скажам так, «склейвае» паведамленне з частак у адно цэлае. Што цікава, абмежаванне ў 160 знакаў датычыць лацінкі: на кірыліцы СМС яшчэ карацейшы.

СМС вельмі спадабаўся карыстальнікам і паслуга пачала хутка развівацца. Найбольш СМСаў было выслана ў 2010 годзе: Міжнародны тэлекамунікацыйны саюз паведаміў, што глабальна карыстальнікі адправілі ажно 6 квадрыльёнаў кароткіх паведамленняў. Гэта азначае, што кожную хвіліну было выслана 200 тыс. СМСаў.
Дарэчы, 2010 год рэкордным стаў невыпадкова, таму што тады яшчэ не было шмат прыкладанняў-месенджэраў. Для прыкладу, папулярны Viber з’явіўся ў 2011 годзе.

З году ў год колькасць адпраўленых СМС-паведамленняў змяншаецца менавіта з-за развіцця новых каналаў камунікацыі. Аднак расце папулярнасць СМСаў у бізнесе: усё часце фірмы выкарыстоўваюць гэты шлях для кантакту з кліентамі, напрыклад, банкі, паліклінікі ды фірмы, якія прапануюць паштовыя паслугі. Адным словам, нягледзячы на меншую папулярнасць СМС-паведамленняў, пра канец паслугі гаварыць не прыходзіцца.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу