Беларуская Служба

Што такое здаровы дом?

09.12.2019 11:40
Мільёны дзяцей жывуць у дамах, тэхнічны стан якіх можа аказваць негатыўны ўплыў на іх здароўе.
Аўдыё
.
.LUCASGREY/pixabay.com/CC0

Ажно 1,5 млн польскіх дзяцей жывуць у дамах, тэхнічны стан якіх можа аказваць негатыўны ўплыў на іх здароўе. У Еўропе з такой праблемай сустракаецца кожнае трэцяе дзіця. ¼ смерцяў дзяцей да пятага году жыцця выкліканая атручаным навакольным асяроддзем, у тым ліку забруджаным паветрам, да якога ў значнай ступені прычыняюцца будынкі.

Паляпшэнне стану будынкаў і поўная дэкарбанізацыя будаўляных матэрыялаў з’яўляюцца ключавымі для здароўя цяперашняга і будучага пакалення. Пра гэта гаворыць V «Барометр здаровых дамоў», які ўзнік па ініцыятыве кампаніі «VELUX».

Сёлетняе даследаванне засяроджваецца перш за ўсё на ўплыве хворых будынкаў на здароўе дзяцей і іх здольнасць да навукі. Пра вынікі барометру мы размаўляем з кіраўніком па справах камунікацыі кампаніі «VELUX» Агнешкай Каміньскай. Кампанія праводзіць «Барометр здаровых дамоў» ужо пяць гадоў запар.

- Мы заўважылі, што людзі не звяртаюць увагі на факт, што будынкі ў вялікай ступені ўплываюць на здароўе людзей. Можна сказаць, што мы цяпер з’яўляемся людзмі indoor generation, паколькі цалкам памяняўся стыль нашага жыцця. 90% часу мы праводзім у будынках. Шмат гаворыцца пра правільнае харчаванне, пра фізічную актыўнасць. У сваю чаргу сярод дзевяці рэчаў, якія ўплываюць на нашае здароўе, ажно чатыры тычацца стану дамоў. Нашай публікацыяй і адукацыяй у сферы папулярызацыі здаровага будаўніцтва мы б хацелі звяртаць увагу грамадства на тое, што будуючы, рамантуючы дамы неабходна звяртаць увагу на тое, як гэты дом уплывае на нашае здароўе.

У выніку даследавання аказалася, што 1/6 еўрапейцаў жыве ў нездаровых будынках. У гэтым годзе спецыялісты асаблівую ўвагу надалі дзецям. Кожнае трэцяе дзіця жыве ў такіх будынках. У Польшчы гэта тычыцца 1,5 млн дзяцей. Што такое хворы будынак – расказвае Агнешка Каміньска:

- Гэта будынак, які не выконвае пэўныя тэхнічныя патрабаванні і негатыўна ўплывае на нашае здароўе. Ён можа выклікаць шмат хваробаў: астму, хваробы дыхальнай сістэмы, алергію. Па-першае, гаворка пра ўзровень вільготнасці. Гаворка ідзе пра негатыўны ўплыў на здароўе вільготнасці і плесні. Наступная справа – гэта адпаведнае асвятленне. Ёсць шмат цёмных дамоў, у якіх няма адпаведнага асвятлення. Далей ідзе пытанне аптымальнай вентыляцыі ў такім будынку. Вельмі часта вентыляцыя, а таксама нашыя навыкі, як рэдкае праветрыванне дамоў, прычыняюцца да таго, што паветра ў будынку шкодзіць нашаму здароўю. І апошні паказчык нездаровага дому – гэта высокі ўзровень шуму, які адмоўна ўплывае на нашую нервовую сістэму.

Калі б мадэрнізацыяй будынкаў заняцца комплексна, то можна атрымаць вельмі шмат карысцяў, гаворыць наша суразмоўца. Тым часам у Польшчы штогод рамантуецца толькі 1-2% будынкаў. Даследаванні V «Барометру здаровых дамоў» паказалі, што нездаровыя будынкі ўплываюць таксама на ўзровень адукацыі дзяцей, што таксама мае канкрэтнае эканамічнае адлюстраванне:

- Гаворка ідзе пра меншую колькасць дзён непрысутнасці вучняў, лепшую якасць навучання. Нашае даследаванне паказала, што дзеці, якія знаходзяцца ў школах з добрым асвятленнем і лепшай вентыляцыяй, вучацца на 15% лепш, чым дзеці, якія знаходзяцца ў горшых умовах. Гэта таксама канкрэтныя эканамічныя страты. Дзеці хварэюць – бацькі павінны застацца дома. Гэта таксама кошт медычнай апекі. Мы лічым, што дзякуючы прафілактыцы ў сферы стварэння адпаведнага клімату ў будынках можна было б пазбегнуць хвароб, а не павышаць кошты іх лячэння.

Важна ведаць, якім павінна быць унутранае асяроддзе, каб яно станоўчы ўплывала на нашае здароўе. Агнешка Каміньска пералічвае пяць крокаў да здаровага дому:

- Першым крокам для здаровага дому з’яўляюцца добрыя ўмовы для сну. У спальні павінна быць адпаведная тэмпература. Яна павінна быць крыху ніжэйшая, чым у іншых частках кватэры. Калі тэмпература высокая, то ноччу высыхае слізістая і цяжка дыхаць. Рэкамендацыя такая, каб перад сном праветрываць спальню. Акрамя таго, неабходна паклапаціцца, каб спальня была ціхая, каб закрыць шторы, паколькі свет з вуліцы негатыўна ўплывае на выдзяленне мелатаніна. Гэта першае.

Другі аспект – гэта тэмпературны камфорт. Гаворка пра тое, каб утрымліваць у кватэры адпаведную тэмпературу. Такая тэмпература не павінна перавышаць 21 градуса, бо калі мы пераграваем кватэру, то ўсялякія мікраарганізмы і бактэрыі развіваюцца нашмат хутчэй ды ставяць наш арганізм пад пагрозу – зазначае Агнешка Каміньска:

- Калі казаць пра тэмпературу, то, па-першае, трэба было б яе кантраляваць і выкарыстоўваць розныя рашэнні па яе аптымалізацыі, напрыклад, ёсць розныя тэрмастаты на каларыферы. Ёсць розныя аўтаматычныя сістэмы. Нашая фірма прапануе сістэму Velux Activе, якая мерае тэмпературу, мерае ўзровень CO2 і сама вырашае, калі адчыніць акно, калі апусціць ролшторы. Але, зразумела, што і без гэтай аўтаматызацыі можна справіцца. Хопіць толькі разумець, што нельга пераграваць нашыя дамы, бо гэта на нас негатыўна ўплывае. Але і нізкая тэмпература негатыўны ўплывае на нашае здароўе.

Наступным крокам з’яўляецца рэгулярнае праветрыванне будынкаў. І пяты – доступ да дзённага святла. Святло мае надзвычай дабрадзейны ўплыў – гаворыць Агнешка Каміньска:

- Яно ўплывае на нашае здароўе, паляпшае настрой, павялічвае прадукцыйнасць, працаздольнасць, спрыяе лепшаму навучанню. У сваю чаргу яго адсутнасць выклікае стрэс, атлусценне, стомленасць, гэтак званую зімнюю дэпрэсію. Мы рэкамендуем шукаць спосабы як мага лепшага асвятлення будынкаў. Ёсць таксама альтэрнатыўныя спосабы асвятлення будынкаў, не толькі вокны. Гэта вырашэнні, якія пастаўляюць дзённае святло ў памяшканне пры дапамозе спецыяльных тунэляў – светаводаў. Эфектыўнае выкарыстоўванне дзённага святла дае таксама канкрэтныя фінансавыя карысці – ашчаднасць электраэнергіі. Дзённая святло з’яўляецца найлепшым магчымым святлом. Ніводнае штучнае святло не ў стане аптымальна асвятліць памяшканне як натуральнае.

З «Барометру здаровых дамоў» вынікае, што часцей «хварэюць» прыватныя дамы, чым шматкватэрныя будынкі. Гэта вынікае з таго, што найчасцей шматкватэрныя будынкі маюць адміністрацыю, якая займаецца рэгулярнай праверкай стану будынку і рамонтам.

Барометр звяртае ўвагу на надзвычай істотную для Польшчы праблему забруджанага паветра, выкліканую ў значнай ступені будынкамі. Смог мае велізарны ўплыў на здароўе дзяцей, таму рапарт звяртае ўвагу на значэнне эфектыўных праграм па аднаўленні будынкаў і на патрэбу паправак у дырэктыве па энергетычных патрабаваннях да будынкаў.

Падлічана, што, калі б правесці мадэрнізацыю будынкаў, у тым ліку палепшыць вентыляцыю ў школах, жылых будынках, працоўных памяшканнях, то ВУП Польшчы павялічыўся б на 60 млрд злотых (14 млрд) да 2060 году.


ав