Беларуская Служба

Да палякаў у Літве і Беларусі трапяць святочныя пасылкі, падрыхтаваныя ў Польшчы

09.12.2019 12:48
Сёлетняя колькасць сабраных рэчаў прыемна ўразіла арганізатараў: будуць падрыхтаваныя больш за 2 тысячы пасылак.
Аўдыё
 ,
Частка пасылак, падрыхтаваных у рамках акцыі “Пасылка на Крэсы”J. Kotra/Facebook

Да палякаў у Літве і Беларусі трапяць святочныя пасылкі, падрыхтаваныя ў рамках акцыі «Пасылка на Крэсы». Збор падарункаў арганізаваў фонд «Крэсы ў патрэбе – палякі палякам» і Польскі нацыянальны фонд. Учора ў адной з варшаўскіх школ валанцёры сартавалі і пакавалі сабраныя прадукты. Да акцыі далучыліся гарцэры, Мазавецкі савет па адукацыі і Добраахвотніцкі рабочы корпус. 

Чалец праўлення Польскага нацыянальнага фонду Цэзары Анджэй Юркевіч сказаў, што валанцёры паедуць у Беларусь і Літву ў наступныя выходныя і наведаюць палякаў, якія там жывуць:

- Тое, што мы павінны памятаць пра палякаў на Крэсах, праяўляючы гэта матэрыяльным чынам – гэта важна. Але насамрэч справа ў памяці, якую павінны несці яны. Пра што яны ў нас пытаюцца? У СМІ яны назіраюць адну рэч: нашыя сваркі. І скажу шчыра: яны трымаюць за нас кулакі, каб у нас не было гэтых спрэчак, у нас, у Польшчы. Яны адчуваюць патрэбу еднасці ў краінах, дзе жывуць, ці то ў Літве, ці то ў Беларусі. Для іх важна, каб Польшча была еднасцю, была знакам, што мы здольныя разам існаваць.

Камендант гарцэраў Марцін Свідэрскі паедзе ў Беларусь і Літву ўжо чацвёрты раз. Да працы ён прыцягнуў 80 гарцэраў. Камендант расказвае, што паездка да палякаў, якія жывуць у Літве ці ў Беларусі – гэта ўрок пакоры і польскасці:

- Мы едзем з 15 гарцэрамі, здымаем цэлы бус, бо гэта бясцэнныя хвіліны. Гэта толькі адзін фрагмент акцыі «Пасылка на Крэсы». Я вельмі стараюся, каб кожны валанцёр прынамсі раз паехаў туды і паглядзеў на рэакцыю мясцовых палякаў, калі яны атрымліваюць гэтую пасылку. Яны маюць слёзы ў вачах, а гэта нашмат важней, чым сама пасылка. Яна з’яўляецца толькі дапаўненнем. Самым важным з’яўляецца кантакт з палякамі. Я запомніў слёзы ў вачах. Адна пані стала на калені і пацалавала мяне ў руку. Я таксама ўзрушыўся і таксама пацалаваў яе ў руку.

Пачкі пакавала валанцёрка Зоф’я Урбанэк, якая чарговы раз паедзе ў Беларусь і Літву:

- У Беларусі я была ў мінулым годзе. Паездка туды – гэта незвычайны досвед. Пакуючы тут пасылкі, разумееш, што дапамагаеш. Але няма зразумення таго, каму дапамагаеш, бо не кожны з нас мае магчымасць перажыць сустрэчы з гэтымі людзьмі. А яны вельмі ўдзячныя. Для нас гэта нешта невялікае – упакоўка кавы і дзве шакаладкі, а для тых людзей – гэта незвычайная справа, што нехта прысвячае ім час і прыязджае да іх. Пераважна гэта самотныя, старыя людзі, які не сустракаюцца з польскасцю штодзённа. Звычайна просяць, каб мы заспявалі ім нейкую песню, нешта расказалі. Гэта сапраўды незвычайна і кранальна.

Сёлетняя колькасць сабраных рэчаў прыемна ўразіла арганізатараў. У нядзелю валанцёры да позняга вечара запакавалі 1250 пасылак. У аўторак і сераду працягнецца падрыхтоўка чарговых. Чакаецца, што будуць спакаваныя яшчэ 1000 пасылак.

Акцыя «Пасылка на Крэсы» арганізоўваецца два разы ў год – перад Вялікаднем і перад Раством. Да гэтага часу перададзеныя 10 тысяч пасылак.

ав