Беларуская Служба

У снежні 1970 году ўлады ПНР павысілі цэны на асноўныя тавары

13.12.2019 18:08
Гэта прывяло да масавых хваляванняў, улады на вуліцу вывелі армію і міліцыю, загінулі людзі. 
Аўдыё
  • 12 снежня 1970 году ўлады Польскай Народнай Рэспублікі павысілі цэны на асноўныя тавары
    , 15  1970
Вайсковая тэхніка на вуліцы Гданьска, 15 снежня 1970 году Instytut Pamięci Narodowej

12 снежня 1970 году ўлады Польскай Народнай Рэспублікі павысілі цэны на асноўныя тавары: цэны паднялі на 45 груп тавараў. Павышэнне цэн перш за ўсё датычыла прадуктаў харчавання.

І так, у прыватнасці, мяса і мясныя вырабы падаражалі ў сярэднім на амаль 18%, рыба і рыбныя кансервы – амаль на 12%, мука – на 16%, мармелад і варэнне – на больш чым 36%, макароны – на 15%, а манная каша – на 23%.

Акрамя таго, выраслі цэны на вугаль на 10% (гэта вельмі папулярнае ў Польшчы паліва ў прыватным сектары –рэд.), на цэглу – амаль на 37%, на баваўняныя тканіны – на 14,5%, на шаўковыя тканіны – на 37%, на дываны і дывановыя дарожкі – на 25%, на шклянкі – на 33%. Вось як афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі абгрунтоўвалі павышэнне цэн. Фрагмент перадачы Польскага радыё з 12 снежня 1970 года.

- Цэны прадуктаў, ніжэйшыя за сабекошт, прывялі да негатыўных вынікаў у цэлай эканоміцы. Гэта стала прычынай не толькі дэфіцыту, які аказваў дрэнны ўплыў на дзяржаўны бюджэт, але і да парушэння раўнавагі на рынку, што ў выніку прыводзіла да недахопу мяса і мясных вырабаў. У выніку росту грашовых даходаў насельніцтва, колькасць якога таксама пастаянна расце, попыт на мяса і жывёльныя тлушчы рос хутчэй, чым вытворчыя магчымасці нашай сельскай гаспадаркі.

Спажыванне мяса і жывёльных тлушчаў у пераліку на душу насельніцтва складала ў 1960 годзе 50 кг, а ў 1969 годзе – 61 кілаграм. Колькасць насельніцтва ў апошнім дзесяцігоддзі вырасла на 3 млн чалавек, гэта значыць на 10%. У гэты ж перыяд спажыванне мяса і жывёльных тлушчаў павялічылася на 22%.

Дзеля справядлівасці варта дадаць, што таксама былі паніжаныя цэны на некаторыя тавары. І так, на 13% упалі цэны на тэлевізары, на 15% – на халадзільнікі і пыласосы, на 17% – на пральныя машыны. Акрамя таго, на 10% патаннелі швейныя машынкі, мыла і фарбы, на 21% – магнітафоны, на 32% – электрычныя лямпачкі і на 30% – панчохі і калготкі.

Насельніцтва краіны, перш за ўсё рабочыя, вельмі рэзка адрэагавала на павышэнне цэн, не звяртаючы ўвагі на паніжэнне на некаторыя тавары. Найбольш гвалтоўная рэакцыя назіралася на поўначы Польшчы, на ўзбярэжжы Балтыкі. Дарэчы, у польскай гістарыяграфіі гэтыя падзеі называюць «снежнем 1970 году». Дэманстрацыі, пратэсты, забастоўкі, стачкі і масавыя вулічныя хваляванні адбываліся галоўным чынам у Гдыні, Гданьску, Шчэціне і Эльблёнгу. Для падаўлення пратэстаў улады выкарысталі войска і міліцыю. У выніку тых падзей загінула каля 40 прастэстоўцаў, 1165 чалавек былі параненыя. З боку міліцыі і войска загінулі некалькі чалавек і некалькі атрымалі раненні.

Бунт у краіне працягваўся з 14 снежня да 22 снежня.

Асноўныя пратэсты адбываліся на поўначы Польшчы, але таксама незадавальненне выказалі рабочыя Кракава, Валбжыха і іншых гарадоў, хоць іх пратэсты не мелі масавага характару.

Асноўным вынікам хваляванняў стала рашэнне ЦК Польскай аб’яднанай рабочай партыі аб адмене павышэння цэн. Акрамя таго, улады паднялі зарплаты нізкааплатным прафесіям.

вс

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу