Беларуская Служба

Малапольскія гміны не спраўляюцца з заменай старых катлоў

27.12.2019 16:45
Ваяводскі план змяншэння выкідаў цяплічных газаў з састарэлых катлоў на вугаль і дрэва рэалізаваны толькі ў 14%. 
Аўдыё
.
.JerzyGorecki/pixabay.com/CC0

Малапольскія гміны не спраўляюцца з заменай старых катлоў, гэтак званых капцілак. Ваяводскі план змяншэння выкідаў цяплічных газаў з састарэлых катлоў на вугаль і дрэва рэалізаваны толькі ў 14%. У цэлым ваяводстве з каля паўмільёна катлоў ліквідавана толькі 26 тысяч – гаворыць Наталля Матыасік са «Смогавай трывогі»:

- Можна смела сцвердзіць, што пры такім павольным тэмпе замены катлоў, якія не адпавядаюць нормам, малапольскае паветра будзе забруджанае яшчэ больш за 30 гадоў. У праграме аховы паветра быў прадугледжаны план змяншэння выкідаў на працягу трох гадоў. Можна падвесці вынікі двух гадоў. На жаль, малапольскія гміны памянялі толькі 14% катлоў.

Паводле праграмы аховы паветра, да 2023 году ў Малапольшчы не павінны быць ніводнага катла, які не выконвае нормаў выкідаў СО2. Толькі тры гміны наблізіліся да гэтых рэкамендацый. 15 гмін не памянялі ніводнага катла на працягу гэтых двух гадоў.

За бяздзейнасць гміны могуць заплаціць кары. Інспектар аховы навакольнага асяроддзя можа накласці на мясцовыя органы кіравання паўмільёна злотых штрафу.

Тым часам Міністэрства па справах клімату правяло даследаванні ўзроўню ўсведамлення і адносін у дачыненні да якасці паветра, сегрэгацыя смецця і зваротных бутэлек. Міністэрства інфармуе, што ў свядомасці апытаных самай вялікай крыніцай забруджання паветра з’яўляецца абаграванне дамоў – так мяркуе больш за палову апытаных. На другім месцы знаходзяцца выхлапныя газы, а на трэцім – прамысловасць.

З даследавання вынікае, што 1/3 палякаў прадпрымае крокі для аховы ўласнага здароўя, звязанага з якасцю паветра ў месцы жыхарства. Гэта пераважна жыхары вялікіх гарадоў. Часцей за ўсё гаворка ідзе пра адсочванне інфармацыі аб якасці паветра.

Паводле Міністэрства па справах клімату кожны трэці апытаны асабіста зрабіў намаганні, каб зменшыць выкіды цяплічных газаў. Самыя папулярныя формы – гэта замена аўтамабіля на гарадскі транспарт, замены спосабу абагравання дамоў ці кватэр, замена бытавой тэхнікі на больш энергаэфектыўную.

Калі казаць пра сегрэгацыю смецця, то больш за палову апытаных гаворыць, што робіць намаганні па змяншэнні колькасці смецця: звяртае ўвагу на знакі на ўпакоўках, звязаныя з экалогіяй і навакольным асяроддзем, пазбягае пакупкі запакаваных тавараў і абмяжоўвае пакупку аднаразовых.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце