Беларуская Служба

Рауль Валенберг: чалавек, які выратаваў 100 тыс. людзей 

18.01.2020 08:58
Прыбыўшы ў Будапешт і ўбачыўшы, што сітуацыя яўрэяў трагічная, ён прыступіў да іх ратавання.
Аўдыё
  • Сёння ў гістарычнай рубрыцы – постаць шведскага дыпламата Рауля Валенберга
 ,   ,   1944
Рауль Валенберг, здымак з пашпарта, зроблены ў 1944 годзе Public Domain

Падчас Другой сусветнай вайны гэты чалавек выратаваў 100 тыс. яўрэяў. Нездарма яго называюць адным з вялікіх герояў Другой сусветнай. Пад канец вайны яго след знік на вялізных прасторах Савецкага Саюза. Сёння ў гістарычнай рубрыцы – постаць шведскага дыпламата Рауля Валенберга.

У ліпені 1944 года Рауль Валенберг (1912 год нараджэння) заняў пасаду сакратара шведскага пасольства ў Венгрыі. Тады ў Будапешце пражывала больш за 200 тыс. яўрэяў – гэта была найбольшая ў той час апошняя грамада яўрэяў у Еўропе. Амаль тады ж, калі Валенберг прыбыў на службу ў пасольства, у Будапешт прыехаў Адольф Эйхман – оберштурмбанфюрар (падпалкоўнік) СС, адказны за знішчэнне мільёнаў яўрэяў у гады вайны. У Венгрыю ён быў накіраваны з жахлівай місіяй – знішчыць венгерскіх яўрэяў.

Сам Валенберг, які паходзіў з багатай сям’і шведскіх прамыслоўцаў, да вайны рабіў бізнес з венгерскімі яўрэямі. І таму, прыбыўшы ў Будапешт і ўбачыўшы, што сітуацыя юдэяў трагічная, прыступіў да іх ратавання. У прыватнасці, дыпламат выдаваў пашпарты нейтральнай Швецыі, купляў на пасольства будынкі і дамы, куды маглі схавацца яўрэі, а таксама ўручаў хабары нямецкім афіцэрам і прадстаўнікам венгерскага фашысцкага руху ў імя ратавання людзей. Здаралася, што пад пагрозай жыцця ён на вакзале выдаваў дакументы, дзякуючы якім людзі маглі пакінуць цягнікі смерці, што ішлі ў канцлагеры. Пра дзейнасць дыпламата яго начальства абсалютна нічога не ведала. Рауль Валенберг кантактаваўся з кожным, хто б мог дапамагчы ў ратаванні чалавечага жыцця. Ён сустракаўся ў тым ліку і з Адольфам Эйхманам, каб паўплываць на гітлераўскага чыноўніка. Кантакты з немцамі сталі прычынай таго, што 13 студзеня 1945 года яго затрымаў СМЕРШ, абвінаваціўшы ў супрацы з немцамі і ў шпіянажы на карысць ЗША. Неўзабаве яго перавезлі ў Маскву.

8 сакавіка маскоўскае радыё паведаміла, што ён загінуў ад кулі нямецкіх альбо венгерскіх фашыстаў. Але гэта была хлусня. Насамрэч яго судзілі і адправілі ў турму. Паводле дадзеных, у 1947 годзе ён быў яшчэ на Лубянцы, пазней яго сляды з’яўляюцца ў розных месцах ГУЛАГа.

Рауля Валенберга бачыў у лагеры жаўнер падпольнай польскай Арміі Краёвай Юзэф Кавальскі. У 1992 годзе ён расказаў Польскаму радыё, што апошні раз бачыў шведскага дыпламата ў 1950 годзе.

- Аднойчы ён знік з нашага лагера. Мы яго шукалі, спрабавалі даведацца, што з ім. Але ніхто пра Рауля не чуў. Гэта быў чэрвень 1950 года.

Як ён выглядаў? Рост недзе 1 метр 75 сантыметраў, худога целаскладу. Ён быў старэйшы за мяне: я нарадзіўся ў 1924 годзе, а ён прыкладна ў 1917-м. Мне было яго шкада, таму што прадстаўнікі кожнай нацыі неяк трымаліся разам, а ён быў шведам, не меў з кім трымацца. І таму ён хутка далучыўся да польскай групы. А пра што мы гаварылі, калі сядзелі ў групе? Пра што можа гаварыць галодны чалавек? Зразумела, пра ежу! Мы ўспаміналі, што елі раней, як смачна мама гатавала, бабуля гатавала. А ён быў як сірата, бо ў лагеры не было шведаў. І таму ён трымаўся з палякамі.

Дзесяцігоддзямі сям'я выкарыстоўвала ўсе магчымыя шляхі, каб знайсці Рауля Валенберга. Пасля развалу Савецкага Саюза сакрэтныя архівы былі адчыненыя. Была створаная шведска-расійская камісія, якая на працягу дзесяці гадоў даследавала тайну яго знікнення. Расійскі бок настойваў на тым, што Валенберг памёр у турме ў 1947 годзе ад сардэчнага прыступу. Але шведская дэлегацыя адмаўляецца прыняць гэтыя факты, пакуль не будзе бясспрэчных доказаў.

Раулю Валенбергу стаяць помнікі, яго імя носяць вуліцы ў многіх гарадах. Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Ізраіль і горад Будапешт надалі яму тытул ганаровага грамадзяніна.

У апошні час з’явілася версія наконт таго, навошта сталінскія карныя органы зацікавіліся шведскім дыпламатам. І так, існуе гіпотэза, што Рауль Валенберг ведаў пра расстрэл польскіх афіцэраў у Катыні. Падрабязную інфармацыю ён нібыта атрымаў ад венгерскіх спецыялістаў, якія прымалі ўдзел у эксгумацыі ахвяр катынскага расстрэлу.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу