Беларуская Служба

Польшча ўзгадала Яна Новака-Езяранскага

21.01.2020 12:12
Да апошніх сваіх дзён Ян Новак-Езяранскі сачыў з падзеямі ў Беларусі. 
Аўдыё
  • Ужо пасля таго, як Польшча зрынула з сябе аковы камуністычнага маскоўскага іга Новак-Езяранскі ажыццяўляў усе магчымыя захады з мэтай спісання дзяржаўнага догу Польшчы.
 -
Ян Новак-ЕзяранскіFoto: NAC

15 гадоў таму на 91 годзе жыцця памёр Ян Новак-Езяранскі – пісьменнік, палітык, жаўнер Арміі Краёвай, легендарны «кур’ер з Варшавы». Пасля Другой сусветнай вайны менавіта Ян Новак-Езяранскі ствараў і потым на працягу 25 гадоў узначальваў польскую службы Радыё Свабода / Радыё Свабодная Еўропа. Да апошніх сваіх дзён Ян Новак-Езяранскі сачыў з падзеямі ў Беларусі. У 15 гадавіну смерці мы ўзгадваем выбітнага паляка.

Падчас нямецка-фашысцкай акупацыі Польшчы Ян Новак-Езяранскі актыўна дзейнічаў у антыгітлераўскім падполлі, быў кур’ерам ды эмісарам Галоўнакамандуючага і галоўнага каменданта Арміі Краёвай. Новак-Езяранскі быў удзельнікам Варшаўскага паўстання.

Пасля вайны былы падпольшчык распачаў працу ў Польскай секцыі англійскага BBC у Лондане, пазней арганізаваў і ўзначаліў Польскую секцыю Радыё Свабода. У архівах «варожых галасоў», менавіта так камуністычныя ўлады называлі заходнія радыёстанцыі, захаваўся фрагмент запісу, на якім 3 траўня 1952 года Ян Новак-Езяранскі распачынае польскае вяшчанне легендарнага радыё:

-Яшчэ надыдзе той дзень, калі ранішняя зорка свабоды зойдзе над Варшавай. Гэта будзе дзень вашай перамогі, вашага трыумфу. Трыумфу народу, які ў найгоршую гадзіну не страціў веру.

Знаходзячыся на Захадзе і валодаючы беспярэчным аўтарытэтам, Ян Новак-Езяранскі зацята і паслядоўна дзейнічаў на карысць дэмакратычнай апазіцыі, якая змагалася з камуністычнай уладай Польскай Народнай Рэспублікі.

Ужо пасля таго, як Польшча зрынула з сябе аковы камуністычнага маскоўскага іга Новак-Езяранскі ажыццяўляў усе магчымыя захады з мэтай спісання дзяржаўнага догу Польшчы. Выбітны паляк на працягу доўгага часу быў дарадцам Дзяржаўнай рады нацыянальнай бяспекі ЗША. Ян Новак-Езяранскі працаваў там падчас ўрадавання Джымі Картэра і Рональда Рэйгана. Дзякуючы сваёй уплывовай пазіцыі, Новак-Езяранскі прыспешыў уступленне Польшчы ў еўраатлантычны блок НАТА.

Аднак чвэрць стагоддзя Ян Новак-Язеранскі прысвяціў служэнню праўдзе, працуючы ў Польскай секцыі Радыё «Свабодная Еўропа». Галоўнай мэтай польскай Секцыі Радыё Свабода ў тыя часы было сумленнае інфармаванне аб падзеях у Польшчы і ў свеце, а таксама процідзеянне фальсіфікацыі польскай традыцыі і гісторыі. Узгадваючы сваю працу на радыё, Ян Новак-Езяранскі сказаў, што без яе людзі не ведалі бы, што сапраўды адбываецца ў Польшчы:

-Я адчуваў, што мы аказваем вялікі ўплыў на рэчаіснасць. У пэўным сэнсе мы былі нават умовай гэтых зменаў. Бо без нас, людзі бы не ведалі, што адбываецца ў Польшчы. Калі б не мы, хто паведаміў бы аб пачатку забастоўкі ў Гданьску? Мы імгненна размножылі гэтую інфармацыю. Дзякуючы нашай працы, улады баяліся распаўсюду страйкаў па ўсёй краіне.

У 2002 годзе, ва ўзросце 88 гадоў, пасля паўвекавой эміграцыі Ян Новак-Езяранскі вырашыў вярнуцца на радзіму. Колішні падпольшчык самым актыўным чынам зангажаваўся ў дзейнасць на карысць еўраатлантычнай інтэграцыі Польшчы. Ян Новак-Езяранскі часта падкрэсліваў дасягненні суайчыннікаў, ён звяртаў увагу на неабходнасць добрай ацэнкі дасягнутага:

-Без надзеі, без веры ў тое, што можна нечага дасягнуць, што можна ісці да лепшага – няма волі дзейнічаць. Намагаюся звяртаць увагу на пазітыўныя аспекты польскай рэчаіснасці. На тое, што ўпершыню ў нашай гісторыі мы знаходзімя ў бяспецы. Звяртаю ўвагу на тое, што ў значанай ступені мы атрымалі гэтую бяспеку, дзякуючы нам самім.

Ян Новак-Езяранскі быў аўтарытэтным знаўцам міжнароднай палітыкі. Пісьменнік часта падкрэсліваў, што ў істоце кожнага канфлікту ляжыць людская праблема:

-Ва ўсіх канфліктах вырашальную ролю адыгрывае чалавек. Зброя не мае ніякага значэння, нават калі гэта самая сучасная зброя масавага паражэння. Яна будзе кучай хламу, калі за ёй няма чалавечай свядомасці.

У 1994 годзе выбітны паляк Ян Новак-Езяранскі быў уганараваны вышэйшай дзяржаўнай адзнакай Рэспублікі Польшчы – Ордэнам Белага Арла, а ўжо праз два гады паляк атрымаў вышэйшую грамадзянскую ўзнагароду ЗША – Медаль Свабоды.

Наш герой пільна сачыў за Беларуссю. У 90-гадовым узросце Ян Новак-Езяранскі прыехаў у Беларусь і ў 2003 годзе напісаў ва ўплывовае выданне «Gazeta Wyborcza» артыкул «Абудзіць Беларусь». У ім Езяранскі пісаў, што галоўнымі праблемамі Беларусі з'яўляецца русіфікацыя, вынішчэнне беларускай нацыянальнай свядомасці ды адсутнасць у апазіцыі магчымасцяў данесці свае да ўласнага народа.

Ян Новак-Езяранскі аточаны паўсюднай павагай і клопатам памёр 20 студзеня 2005 года. Яму было 90 гадоў. Прах «кур’ера з Варшавы» спачывае на старадаўніх Павонзках.

IAR/эж

Слухайце аўдыё!