Беларуская Служба

Што трэба ведаць, калі самастойна лечышся ад прастуды

23.01.2020 15:28
Як не нашкодзіць сабе? – падказвае фармацэўт Эва Заборская.
Аўдыё

Хаця ў нас і не лютая зіма, то прастуда, насмарк, грып і так распаўсюджваюцца.

Многія хворыя лечацца самастойна з дапамогай даступных у аптэках медыкаментозных прэпаратаў. Як не нашкодзіць сабе? – падказвае фармацэўт Эва Заборская.

 - Нельга спалучаць лекі, якія змяшчаюць аднолькавую хімічную субстанцыю. Вельмі часта назвы прэпаратаў могуць уводзіць у зман: «Пазухі», «Антыгрып», «Супраць кашля», але ўсе гэтыя прэпараты ўтрымліваюць адну хімічную субстанцыю, напрыклад, супраць ліхаманкі, або абязбольваючую.

Трэба чытаць склад лякарства. Нельга прымаць адначасова розныя лекі, які маюць аднолькавы кірунак дзеяння. Напрыклад, у прэпаратах супраць насмарку, якія звужаюць ацёк слізістай абалонкі, механізм дзеяння дубліруецца і можна перадазіраваць дадзеную субстанцыю, што можа прывесці да пагаршэння стану здароўя. Таксама не трэба адначасова прымаць таблеткі ібупрофен і парацэтамол, лепш аддзельна і па чарзе. І нельга прымаць іх даўжэй чым 5 дзён.

З парацэтамолам трэба быць асцярожным, бо ён гепататаксічны, – адзначае Эва Заборская.

 - Парацэтамол лагодны для страўніка, але гэта не азначае, што можна яго бесклапотна глытаць. Перадазіраваны ён можа дрэнна ўплываць на печань, і нельга яго спалучаць з алкаголем.

Пацыенты, у якіх хранічная мігрэнь, прымаюць сродкі з кафеінам, да таго парацэтамол, і несвядома дабаўляюць дадатковую дозу парацэтамола ў леках супраць прастуды.

Фармацэўтка кажа, што малады арганізм добра спраўляецца з перадозамі такіх лекаў, у найгоршым выпадку ў хворага можа з’явіцца боль жывата, панос, ваніты, ці агульны эфект разладу стрававой сістэмы. Тым ня менш, калі хвароба не адступае 2 тыдні, нельга больш лячыцца самастойна і неабходна схадзіць да лекара, – раіць фармацэўт Эва Заборская.

яс/PR4

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка