Беларуская Служба

Як польскі Сейм пазбавіў цара Мікалая І трону

25.01.2020 16:53
25 студзеня 1831 году адбылася дэтранізацыя (пазбаўленне трону) Мікалая І з пасады галавы Каралеўства Польскага.
Аўдыё
  • 25 студзеня 1831 году адбылася дэтранізацыя (пазбаўленне трону) Мікалая І з пасады галавы Каралеўства Польскага
  ,      1825-1831
Цар Мікалай І, кароль Каралеўства Польскага ў гадах 1825-1831Franz Krüger - Ermitaż, Domena Publiczna

Згодна з пастановамі Венскага кангрэсу 1815 году, Каралеўства Польскае знаходзілася ў персанальнай уніі з Расіяй, галавой дзяржавы ў той час з’яўляўся імператар Расіі Мікалай І. Пасля паўстання «дзекабрыстаў» у 1825 годзе цар пачаў праводзіць шэраг кансерватыўных рэформаў, вынікам якіх павінна было быць знішчэнне ўсіх ліберальных настрояў. Безумоўна, існаванне Каралеўства Польскага са сваёй канстытуцыяй і палітычнай аўтаноміі не ўкладалася ў светапогляд Мікалая. Асноўнай прычынай паўстання было сталае парушэнне канстытуцыі царскімі ўладамі.

На пачатку паўстанцы не збіраліся пачынаць вайсковыя дзеянні і спрабавалі палітычна злагодзіць сітуацыю. Агульна палажэнне рэчаў характарызавалася наступным чынам: «Мікалай, кароль Польшчы, вядзе вайну супраць Мікалая імператара Расейскага». Нават першы дыктатар Польшчы Хлапіцкій, абвесціў, што будзе кіраваць ад «імя канстытуцыйнага караля».

Падчас паўстання часовы ўрад Каралеўства Польскага, які быў створаны 4 снежня, выслаў у Санкт-Пецярбург дэлегацыю з шэрагам патрабаванняў. Сярод якіх было: вяртанне васьмі ваяводстваў, выкананне канстытуцыі, урэгулявання пытання з падаткамі, выкананне гарантый свабоды і галоснасці, галоснасць паседжанняў Сейма, ахова каралеўства выключна ўласнымі войскамі.

Мікалай І адхіліў усе патрабаванні і прапанаваў толькі адно: амністыю ўсім удзельнікам паўстання.

З гэтым адказам дэлегаты вярнуліся ў Варшаву, дзе і было Сеймам прынятае рашэнне пра дэтранізацыю Мікалая І. У пастанове казалася, што яна прымаецца па прычыне таго, што імператар не выконвае сваіх канстытуцыйных абавязкаў, і такім чынам «народ польскі заяўляе, што ён з’яўляецца незалежнай нацыяй і мае права аддаць польскую карону таму, хто будзе яе годны і хто будзе выконваць абяцаныя прысягай свабоды».

Прыняццё гэтага дакументу азначала пераход ад мірных перамоваў да адкрытага збройнага супрацьстаяння з Расіяй. Адам Ежы Чартарыйскі, які быў прыхільнікам памяркоўнага руху, калі падпісаў дакумент, сказаў: «Згубілі Польшчу».

З пункту гледжання польскага боку спадкаемцы цара не маглі быць каралямі Польшчы, і ўсе далейшае кіраванне лічылася пазапраўным і ўзурпатарскім. Разам з гэтым расійскі бок лічыў, што канстытуцыя Каралеўства Польскага была дадзена з волі расійскага манарха на Кангрэсе 1815 году, і толькі манарх меў права яе змяняць.

Афіцыйна лічыцца, што пасля падпісання дакументу пачалася польска-расійская вайна 1831 году.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара