Беларуская Служба

Дзясяткі тысяч дзяцей кожны дзень глядзяць парнаграфічныя фільмы або фатаграфіі

18.02.2020 09:00
Многія бацькі зусім пра гэта не ведаюць, а нават калі даведаюцца, яны часта не маюць паняцця, як ахоўваць сваіх дзяцей.
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock

Дзясяткі тысяч дзяцей кожны дзень глядзяць парнаграфічныя фільмы або фатаграфіі. Многія бацькі зусім пра гэта не ведаюць, а нават калі даведаюцца, яны часта не маюць паняцця, як ахоўваць сваіх дзяцей.

Як правіла бацькі мяркуюць, што праблема іх не датычыць, але можа аказацца, што гэта не так. Паводле даследаванняў, 58% дзяцей пачынае глядзець сайты або карцінкі з парнаграфічным зместам зусім выпадкова, а кожнаму трэцяму паказвае іх равеснік. Дзеці самі іх не шукаюць у інтэрнэце, але часта здараецца, што непаўналетнія трапляюць на самую вульгарную парнаграфію, зусім таго не жадаючы. Гэта праблема – кажа Катажына Навіцка з Таварыства «Твая справа».

- Гэта паўсюдная праблема, пра якую бацькі часта не ведаюць. Яны думаюць: «Мяне гэта не датычыць, маё дзіця паслухмянае». Гэта не залежыць ад характару, дзецям усё цікава, а доступ да парнаграфіі ў Польшчы вельмі просты, дастаткова націснуць сказ «Мне 18 гадоў». Даследаванні фундацыі «Мы даём дзецям сілу» паказалі, што дзеці глядзяць парнаграфію, зусім яе не шукаючы, выпадкова. І трапляюць на самы вульгарны, брутальны змест.

Нават калі бацькі нейкім чынам даведаюцца, што дзіця глядзіць парнаграфію, яны як правіла не ведаюць, што зрабіць, не ведаюць, як рэагаваць, – кажа госць Польскага радыё.

- З намі таксама бацькі пра гэта не размаўлялі, бо такой праблемы не было. Нялёгка размаўляць з дзіцём на гэтую тэму, але магчыма, мы найлепш ведаем сваё дзіця, калі агулам з ім размаўляем. Лепш за ўсё, калі дзіця само да нас звернецца, пачне размову, гэта быў бы вялікі поспех бацькоў. Трэба размаўляць спакойна, як на кожную іншую тэму. Можа здарыцца, што мы заўважым, як дзіця глядзіць парнаграфію. У такім выпадку нельга караць, крычаць, трэба супакоіцца, можа, паразмаўляць з мужам/жонкай, дамовіцца пра нейкую стратэгію, і толькі тады пачаць размову з дзіцём. Гэта найлепшы спосаб.

Чатыры гады таму парнаграфія была прызнаная з’явай, якая пагражае грамадскаму здароўю, паколькі такія фільмы з надпісам «Толькі для дарослых» могуць выклікаць залежнасць, і не толькі ў дарослых, таксама ў дзяцей.

- Парнаграфія можа выклікаць залежнасць у дзяцей, у выніку яны шукаюць усё больш экстрэмальны змест. Гэта даказана вучонымі. З іншага боку, калі дзіця глядзіць такі змест, яно пераканае, што гэта праўда, што так выглядаюць палавыя зносіны. Такім чынам малады чалавек пазнае зусім несапраўдны вобраз сексуальнасці. У выніку ў яго могуць узнікнуць сур’ёзныя праблемы ў дарослым жыцці, яму будзе цяжка збудаваць здаровыя адносіны з партнёрам. Адмыслоўцы па сексалогіі кажуць, што ў іх кабінеты прыходзяць дваццацігадовыя людзі, якія не ўмеюць выбудоўваць нармальныя адносіны. Дарослыя людзі, у якіх першы кантакт з парнаграфіяй быў перад 12-ым годам жыцця, значна часцей, чым іншыя, маюць праблемы ў кантактах з партнёрам, з сексуальнасцю, яны часта трапляюць у залежнасць ад парнаграфіі.

Таварыства «Твая справа» пачало кампанію ў карысць змены прававых нормаў, каб максімальна абмежаваць доступ да парнаграфіі. Кампанія мае на мэце прымусіць пастаўшчыкоў парнаграфічнага зместу эфектыўна правяраць узрост карыстальніка, ці ён – на самой справе паўналетні. Гэта няпроста, але магчыма, – адзначае Катажына Навіцка.

- Гэта складаная тэма, якая выклікае вельмі шмат эмоцый. Таварыства «Твая справа» падрыхтавала законапраект, які абавязвае сайты, дзе змешчаны парнаграфічны змест, карыстацца эфектыўнымі інструментамі праверкі ўзросту карыстальніка. Мы не называем канкрэтнага інструменту, ёсць некалькі магчымасцяў. Прапановы будзе распрацоўваць адмысловая група экспертаў, якія з’яўляюцца спецыялістамі па новых тэхналогіях і ахове асабістых дадзеных. Гэтая група ўжо створаная ў рамках Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі. Мы падкрэсліваем, што вельмі важна захаваць у таямніцы асабістыя дадзеныя дарослых карыстальнікаў, і каб гэтыя інструменты не былі вельмі складанымі. Аднак самае важнае – ахова дзяцей.

Акцыю таварыства падтрымаў між іншым прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі, які заявіў, што сям’я – гэта падстава польскага грамадства, а доступ дзяцей да парнаграфіі становіцца ўсё больш сур’ёзнай праблемай.

ПР/нг