Беларуская Служба

Карта паляка карыстаецца вялікай папулярнасцю ў грамадзян Беларусі

03.03.2020 13:56
«Карта павінна паказаць жыхару Беларусі, што Польшча – яго дом, дзверы якога заўсёды для яго адчыненыя».
Аўдыё
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneESB Professional/shutterstock.com

У 2008 годзе ў Польшчы была ўстаноўлена Карта паляка – дакумент, які пацвярджае польскае паходжанне асоб з іншым, чым польскае, грамадзянствам. Найбольш картаў выдаюць грамадзянам Беларусі.

Карта паляка – вельмі папулярны дакумент сярод беларускіх палякаў. Яго атрымалі ўжо дзясяткі тысяч грамадзян Рэспублікі Беларусь. Карту выдаюць консульствы РП у Беларусі, а нейкі час таму паявілася магчымасць атрымаць карту не толькі ў консульстве, а таксама ў Падляскім ваяводскім упраўленні ў Беластоку.

Чым з’яўляецца гэты дакумент? З такім пытаннем мы звярнуліся да Ўпаўнаважанага польскага ўраду па пытаннях палякаў за мяжой Яна Дзедзічака.

- Карта паляка – гэта дакумент, які пацвярджае, што яго ўладальнік з’яўляецца прадстаўніком польскага народа. Гэта не грамадзянства, таму Карту паляка могуць мець грамадзяне Беларусі. Яны – палякі, але, канешне, надалей лаяльныя грамадзяне Рэспублікі Беларусі. І такая была ідэя дадзенага праекту. Картай паляка можна карыстацца ў Польшчы, яна дае шэраг прывілеяў – зніжкі на праезд аўтобусам, цягніком, на ўваход у музеі. Карта павінна паказаць жыхару Беларусі, што Польшча – яго другі дом, яе дзверы заўсёды для яго адчыненыя. З картай таксама прасцей перасячы мяжу. Яшчэ раз падкрэслю – дакумент дае паляку з Беларусі ўпэўненасць, што Польшча – яго дом, ён тут у сябе, хаця няма ў яго грамадзянства. Карта паляка дае таксама магчымасць хутка атрымаць від на жыхарства, а нават грамадзянства. Не нам прымаць рашэнне, хто дзе павінен жыць, але істотна тое, каб палякі памяталі, што Польшча – іх дом.

Якія ўмовы атрымання Карты паляка? Перш за ўсё асоба, якая ідзе на суразмоўе з консулам пасля падачы заявы на дакумент, павінна ўмець гаварыць па-польску, – адзначае дырэктар Дэпартаменту па пытаннях палякаў за мяжой Міністэрства замежных спраў Івона Казлоўска.

- Нашым меркаваннем, польская мова з’яўляецца фундаментальным элементам польскай тоеснасці. У Законе аб Карце паляка ёсць пра гэта гаворка. Акрамя таго, важнейшая ўмова атрымання Карты паляка – польскае паходжанне – хаця б адзін з бацькоў, дзядуля, бабуля або і прадзядуля, і прабабуля былі палякамі. Неабходна прадставіць адпаведныя дакументы. Часта здараецца, што дакументы прапалі, іх няма. Тады ёсць іншая магчымасць – актыўная дзейнасць чалавека ў польскай арганізацыі, а нават удзел у польскім мастацкім калектыве, напрыклад, танца або спеву. Польская арганізацыя можа выдаць пасведчанне, што дадзеная асоба прымае актыўны ўдзел у дзейнасці на карысць польскай культуры, польскай мовы. Такое пасведчанне можа стаць вырашальным крытэрам, які пацвярджае польскія карані дадзенай асобы.

Міраслаў Капцэвіч – паляк з Ліды. Ён узначальвае фундацыю «Młode Kresy», якая гуртуе палякаў з Беларусі, Літвы ды Украіны. Некалькі гадоў таму Міраслаў атрымаў Карту паляка. Тады яшчэ дакумент не даваў магчымасці пасяліцца ў Польшчы. Але цяпер дзейнасць карты пашырылася і дзякуючы ёй наш суразмоўца спадзяецца хутка атрымаць грамадзянства.

- Спадзяюся яшчэ атрымаць карысць ад карты – памяняць яе на від на жыхарства праз год-два. Калі я атрымліваў Карту паляка, была іншая працэдура, цяпер хутчэй можна атрымаць грамадзянства. Кіруючая партыя ўвяла змены ў закон і цяпер з картай можна атрымаць грамадзянства значна хутчэй.

Беларускія ўлады негатыўна ставяцца да Карты паляка, паколькі яны лічаць, што чалавек не можа быць лаяльным у адносінах дзвух краін адначасова. Таму ў Беларусі высокапастаўлены чыноўнік не можа быць уладальнікам дакументу. Міраслаў Капцэвіч ведае чалавека, у якога ўзніклі з-за гэтага праблемы.

- Майму знаёмаму, які займаў кіруючую пасаду на мытні, улады сказалі, што трэба аддаць Карту паляка, інакш ён страціць пасаду. Ён быў змушаны вярнуць карту. Я ведаю, што на Падляшшы (у Польшчы – рэд.) жыве шмат беларусаў, каля 50 тыс. Калі беларускія ўлады хочуць ім дапамагчы, хай увядуць Карту беларуса. Я б зусім не быў супраць, калі б беларуская дзяржава дапамагала беларусам Польшчы.

Нядаўна дзейнасць Карты паляка была пашырана на ўвесь свет. Гэта вельмі ўсцешыла шматлікіх асоб польскага паходжання, напрыклад, у краінах Лацінскай Амерыкі. Па ідэі польскіх уладаў, дадзены дакумент з’яўляецца падзякай тым людзям, якія сумелі захаваць памяць пра свае польскія карані, ён таксама павінен аблегчыць ім кантакт з Радзімай.

нг