Беларуская Служба

21 сакавіка 1968 г. адбыліся акупацыйныя страйкі ў польскіх ВНУ

21.03.2020 09:12
Студэнты спрабавалі данесці да ўладаў свае патрабаванні, якія базаваліся на выкананні ўладамі правоў гарантаваных канстытуцыяй.
Аўдыё
  • 21 сакавіка 1968 г. пачаліся акупацыйныя страйкі ў польскіх ВНУ
 ,  1968
Сакавіцкія падзеі, Варшава 1968Foto: PAP/Tadeusz Zagoździński

1968 год у Польшчы стаўся пачаткам глыбокага палітычнага крызісу. Асноўнай прычынай яго быў супраціў польскай інтэлігенцыі і студэнцтва пашырэнню цэнзуры і кантролю ўладаў над грамадствам. Сімвалічным каталізатарам сталася рэакцыя грамадства на забарону пастановак «Дзядоў» А.Міцкевіча у тэатрах, наступным быў «Ліст 34» і студэнцкі рух «8 сакавіка» ў падтрымку выгнаных з Варшаўска універсітэту студэнтаў Адама Міхніка і Генрыка Шляйфера.

Студэнцкая дэманстрацыя 8 сакавіка 1968 у Варшаўскім універсітэце скончылася жорсткім разгонам і арыштамі, што і было штуршком для пачатку маштабнай студэнцкай забастоўкі па ўсёй Польшчы. Варта зазначыць, што ў разгонах студэнцкіх дэманстрацыяў браў удзел так званы «працоўны актыў». У сваю чаргу, усё гэта перамяшалася з антысеміцкай кампаніяй Польскай аб'яднанай рабочай партыі. Камуністы абвінавацілі ў дэстабілізацыі сітуацыі ў дзяржаве габрэяў.

Дэманстрацыі і акцыі пратэсту доўжыліся на працягу ўсяго сакавіка. Студэнты спрабавалі данесці да ўладаў свае патрабаванні, якія базаваліся на выкананні ўладамі правоў гарантаваных канстытуцыяй. Тым ня менш, адзіным адказам на патрабаванні былі рэпрэсіі, а таксама шырокая прапаганда дзяржаўных СМІ, якія намагаліся падзяліць моладзь на «простых» і на «бананавую моладзь», якія імкнуліся падарваць спакой і дабрабыт польскага народу.

21 сакавіка адбыліся чарговыя масавыя пратэсты студэнтаў у Варшаве, Лодзі, Уроцлаве. У Варшаве студэнты Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэту захапілі будынак вучэльні на 48 гадзін. У гэты ж дзень улады адрэагавалі звальненнямі прафесараў і настаўнікаў польскіх вышэйшых навучальных установаў. Агульна з варшаўскіх вучэльняў было адлічана больш за 1600 студэнтаў, ва Уроцлаве выгналі больш за 1500 студэнтаў. Агульна арыштавана 2732 асобы, найбольш актыўныя студэнты атрымалі вялікія тэрміны зняволення, у тым ліку самыя актыўныя Яцэк Курань і Караль Мадзэлеўскі.

Паралельна з гэтым адбываўся вялізарны ціск на грамадзянаў габрэйскага паходжання. У выніку чыстак з Польскай абʼяднанай рабочай партыі было выключана 8 тыс. чалавек.
Антысеміцкая кампанія закранула таксама ўсе дзяржаўныя ўстановы, што закончылася масавай эміграцыяй. Па розным дадзеным толькі ў 1968 годзе з Польшчы выехала каля 20 тыс. чалавек з білетам у адзін бок, а ўлады пазбавілі іх польскага грамадянства.

Павал Усаў

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара