Беларуская Служба

63 гады таму пачаўся Еўрапейскі Саюз

01.04.2020 20:17
25 сакавіка 1957 года шэсць краін Заходняй Еўропы падпісала Рымскі дагавор.
Аўдыё
  • 63 гады таму, 25 сакавіка 1957 года, шэсць краін Заходняй Еўропы падпісала Рымскі дагавор
63  , 25  1957 ,        -
63 гады таму, 25 сакавіка 1957 года, шэсць краін Заходняй Еўропы падпісала Рымскі дагавор - гэтая дата лічыцца пачаткам Еўрапейскага Саюзаcommons.wikimedia.org/cc0

63 гады таму, 25 сакавіка 1957 года, шэсць краін Заходняй Еўропы падпісала Рымскі дагавор. Дакумент аб стварэнні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС) подпісамі замацавалі ФРГ, Францыя, Італія, Бельгія, Нідэрланды і Люксембург. У ім гаварылася аб ліквідацыі ўсіх перашкод на шляху свабоднага перамяшчэння людзей, тавараў, паслуг і капіталу. Гэтую дату ў гістарыяграфіі называюць пачаткам Еўрапейскага Саюзу.

Пасля Другой сусветнай вайны Еўропа аказалася падзеленая на два лагеры – капіталістычны і сацыялістычны. Апусцілася жалезная заслона. Галоўнымі ж глабальнымі гульцамі ў свеце, у тым ліку і ў Еўропе, сталі Злучаныя Штаты Амерыкі і Савецкі Саюз. Краіны Заходняй Еўропы апынуліся перад дылемай: як стымуляваць знішчаную вайной эканоміку і не дапусціць да маргіналізацыі еўрапейскіх краін на фоне амерыканска-савецкага суперніцтва. І палітыкі прыйшлі да высновы, што еўрапейскія дзяржавы будуць мацнейшымі, калі аб'яднаюцца.
Дарэчы, ужо ў 1946 годзе брытанскі прэмʼер Уінстан Чэрчыль сказаў: «Нам трэба стварыць нешта накшталт Злучаных Штатаў Еўропы. А першым крокам у стварэнні еўрапейскай сямʼі павінна быць партнёрства паміж Германіяй і Францыяй».

Перад ЕЭС у 1951 годзе было створанае Еўрапейскае абʼяднанне вугалю і сталі. Гэтая арганізацыя паклала пачатак інтэграцыйным працэсам у Заходняй Еўропе. Рашэнне аб падрыхтоўцы дагавора, які прадугледжваў пашырэнне сферы эканамічнай інтэграцыі, было прынятае ў чэрвені 1955 года міністрамі замежных спраў 6 дзяржаў- заснавальніц ЕЭС. Падрыхтоўка дамовы вялася Камітэтам экспертаў, якія атрымаў назву «Камітэт Спаака» ад прозвішча яго старшыні, бельгійскага сацыл-дэмакратычнага палітыка і дзяржаўнага дзеяча Поля-Анры Шарля Спаака. Перамовы аб падпісанні дагавора праходзілі ў Брусэлі з чэрвеня 1956 года.

Дагавор аб заснаванні супольнасці быў падпісаны ў Рыме i афіцыйна ўступіў у сілу 1 студзеня 1958 года адначасова з дамовай аб стварэнні Еўраатама – Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі. Дамова ўступіла ў сілу пасля яе ратыфікацыі парламентамі ўсіх шасці членскіх краін.

У 1993 годзе, на моцы дагавору, падпісанага ў Маастрыхце, Еўрапейская эканамічная супольнасць змяніла назву на Еўрапейскі Саюз. Дарэчы, дагавор, які быў падпісаны ў нідэрландскім горадзе 7 лютага 1992 года, называюць Дамовай аб Еўрапейскім Саюзе альбо Маастрыхцкай дамовай. Дагавор увайшоў у сілу 1 лістапада 1993 года.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу