Беларуская Служба

Тысячы палякаў супраць забароны наведвання лясоў

07.04.2020 14:45
Трэба быць асцярожнымі, каб лякарства не было горшым ад хваробы гавораць аўтары.
Патрулі ў польскіх лясах PAP/Marcin Bielecki

Поўная забарона ўваходу ў лясы з’яўляецца абсурдна нелагічнай. Трэба быць асцярожнымі, каб лякарства не было горшым ад хваробы – гаворыць Томаш Аўгустынэк, кінааператар і аўтар петыцыі да Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя, піша Gazeta Wyborcza.

Петыцыя ўзнікла ў пятніцу пасля поўдня. Пад ёй сабрана каля 150 тысяч подпісаў, але аўтар разлічвае на яшчэ больш. «Больш за ўсё людзей падпісалася на выходных, то бок тады, калі звычайна ходзіцца ў лес, а цяпер было нельга. Петыцыя кружыла па сацыяльных сетках, далучыліся эколагі. Гэта паказвае, што не толькі я пераймаюся справай», – гаворыць Томаш Аўгустынэк.

Кінааператар адзначае, што для людзей, якія жывуць у шматкватэрных дамах, гэта вялікі ўдар. Адначасова, паводле яго, у лясах вельмі проста захоўваць адлегласць паміж людзьмі, бо там вельмі шмат прасторы і месца. Адначасова Аўгустынэк адзначае, што разумее, чаму зачынілі, напрыклад, Татранскі нацыянальны парк, дзе на выходных збіраецца 40-50 тысяч чалавек, але забарона не павінна распаўсюджвацца на лакальныя лясы.

«Я не лічу сябе кампетэнтным, каб казаць пра самую эпідэмію. Трэба ўсё ж быць асцярожным, каб лякарства не было горшым, чым хвароба. Мы не да канца ўсведамляем, якую вялікую ролю ў нашым жыцці адыгрывае стрэс. Інфармацыя, што трэба трымацца здалёк ад людзей, была для мяне дастаткова зразумелай. Калі нехта збіраецца парушыць гэтае правіла, то зробіць гэта незалежна ад месца знаходжання, ці ў горадзе, ці ў лесе», – гаворыць аўтар петыцыі.

ав